Беларусам рассылаюць фэйкавыя запрашэнні на форум "Шлях да волі"
Фэйкавае запрашэнне / прэс-служба АПК
Зламыснікі рассылаюць беларусам у прыват паведамленні нібыта ад імя арганізатараў форуму рэгіянальнай бяспекі "Шлях да волі". Ён мае прайсці 25 сакавіка ў Кіеве.
Як папярэджвае прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета, рассылка візуальна падобная да сапраўднай, але графічныя элементы ў ёй размяшчаюцца па-іншаму. Апроч таго, у тэксце ёсць граматычныя памылкі.
"І самае галоўнае — паведамленні прыходзяць у асабістую перапіску ў тэлеграм ці ў сацсетках з прапановай адказаць на пытанне, будзеце ўдзельнічаць ці не. Пытанні прыходзяць з фэйкавых акаўнтаў, на аватарках якіх часта выкарыстоўваецца лагатып форуму", — звяртаюць увагу ў паведамленні.
У АПК падкрэсліваюць, што аргкамітэт камунікуе выключна праз публічныя паведамленні ад імя АПК і аналітычнага цэнтра "Украінская прызма". Паведамленні з'яўляюцца толькі на іх афіцыйных каналах.
"Заклікаем не рэагаваць на паведамленні ў прыват ад невядомых акаўнтаў, не адказваць на іх і не ўдзельнічаць ні ў якіх апытаннях. Невядомыя зламыснікі пераследуюць мэту збору персанальных даных патэнцыйных удзельнікаў форуму", — заявіла чаліня аргкамітэта форуму "Шлях да волі", прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская.
Яна дадала, што "форум мае вельмі важнае значэнне для развіцця адносін паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, таму і цікавасць да яго з боку адпаведных службаў рэжыму, як бачым, высокая".