Русіфікацыя Беларусі праз тры пакаленні можа стаць незваротнай — Пазняк
Зянон Пазняк / Еўрарадыё
Русіфікацыя Беларусі яшчэ не набыла незваротны характар, але можа набыць. Пра гэта ў інтэрв'ю Польскаму радыё заявіў палітык Зянон Пазняк.
"Калі пройдуць яшчэ тры пакаленні, то можа быць незваротным. Бо ўсякая палітыка, усякая дыктатура мае моц тады, калі вырастаюць пакаленні. Калі б гэтая дыктатура была дзесяць гадоў, яна прайшла б зусім незаўважна, але яна трывае ўжо трыццаць гадоў. Гэта значыць, што выраслі два пакаленні ў ненармальных умовах, у русіфікаванай школе", — адзначыў ён.
На думку Пазняка, гэтую праблему можна вырашыць пры наяўнасці палітычнай свядомасці: "Ёсць свядомасць этнічная, ёсць свядомасць культурная і ёсць палітычная, якая стварае палітычныя партыі, канцэпцыі дзяржавы. Палітычная свядомасць, калі яна ёсць, вызначае шлях. А астатняе ўсё падладжваецца, калі расце ў гэтай парадыгме".
Палітык адзначыў, што нават рускамоўныя беларусы не далучаюць сябе да рускіх: "Яны лічаць сябе асобнымі ад рускіх, трымаюцца свайго, як умеюць. Гэта вельмі важны момант".
Ён звяртае ўвагу на тое, што эміграцыя з'яўляецца зрэзам беларускага грамадства: "Шмат жа прыехала людзей з Беларусі, якія не мелі беларускай свядомасці, якія былі проста ў гэтай сістэме, прыстасаваныя, якія шукалі лепшых сацыяльных умоў, якія не чакалі, але трапілі пад ціск, хадзілі на дэманстрацыі, трапілі пад рэпрэсіі, у турмы — і яны не чакалі гэтага".
Разам з тым у эміграцыі аказалася шмат актыўных і больш свядомых людзей. Таму ёсць магчымасці адкрываць свае школы, мець свае выданні і свае арганізацыі, хаця жыццё ў эміграцыі не вельмі лёгкае.
Паводле ацэнак Пазняка, палова эмігрантаў не вернуцца ў Беларусь. Але яны могуць захоўваць сваю культуру, мову, традыцыі.