Без “сімак” і банкаўскіх картак? Умовы вызвалення палітвязняў
У адносінах да шэрагу вызваленых увялі абмежаванні, якія могуць моцна ўскладніць жыццё / 1prof.by
Палітвязням, якіх вызвалілі 19 сакавіка і якім дазволілі застацца ў Беларусі, выставілі строгія ўмовы знаходжання на волі, паведамляе праект “Ружовыя касынкі”.
Сярод абмежаванняў, якія ўвялі ў адносінах да вязняў — забарона на выкарыстанне банкаўскіх карт, а таксама забарона на афармленне і выкарыстанне SIM-карт. Больш за тое, любое парушэнне (у тым ліку нязначнае, напрыклад, ужывання алкаголю) можа прывесці да паўторнага зняволення
Таксама паведамляецца, што ў святочныя дні вызваленых могуць змяшчаць у ІЧУ ці СІЗА. Па асобных звестках, значная колькасць жанчын была вызвалена без пашпартоў. Паводле афіцыйнага тлумачэння, іх дакументы нібыта згубіліся.
Пры гэтым, dissidentby просіць не распаўсюджваць неправераныя звесткі, бо людзі толькі выйшлі з калоній і яшчэ не ўсталі на ўлік.
"Станаўленне на ўлік - практыка, якія датычыцца ўсіх былых палітзняволеных у краіне. Забарона на адкрыцце банкаўскай карткі — практыка, якая ўжываецца ў адносінах да людзей, якія знаходзяцца ў "спісе тэрарыстаў". Нагадаем, што амаль усе палітзняволеныя ў краіне ўносяцца ў "спіс экстрэмістаў", а ў некаторых выпадках — і ў "спіс тэрарыстаў". Але тым не меньш, казаць пра дадатковыя заканадаўчыя абмежаванні мы зможам толькі пасля аналізу сітуацыі і практык у рэальнасці", — піша ініцыятыва.
Пра што можна дакладна казаць:
- людзям пры вызваленні пагражаюць зняволеннем за "паўторныя парушэнні";
- некаторым сапраўды аддалі толькі пашпарты на момант выхада (ці будзе далей выдадзена спраўка аб вызваленні, пакуль невядома);
- у спраўках пра вызваленне пішуць "освобожден(а) по Указу Президента Республики Беларусь от 19.03.2026 "О помиловании осужденных" освободить от основного наказания с возможностью остаться в Республике Беларусь".