Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і ў Беларусі
Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё
Бацька зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна ў Беларусі — жывая і здаровая. Пра гэта ён расказаў у гутарцы з журналістамі "Нашай Нівы".
Напярэдадні з'явіліся здымкі Мельнікавай — нібыта ў мінскай мацоўні. Журналісты выдання паспрабавалі звязацца з яе былым мужам і з маці Мельнікавай, але марна. А бацька Артур Мікалаевіч сказаў, што пра здымкі не ведае, але з дачкой усё добра і яна жыве ў Беларусі.
"Я ведаю, што яна ў Беларусі. З якога часу? Ну, даўнавата. Нічога яна не знікла. Наколькі я сам ведаю, жывая і здаровая. І дзеці, мабыць, з ёй. Хаця я ўнукаў і яе асабіста даўно бачыў жыўцом", — перадае НН яго словы.
Мужчына сказаў, што апошні раз з дачкой размаўляў узімку. Звычайна яна тэлефануе яму сама. Нумар, з якога яна тэлефануе, не вызначаецца.
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла год таму. Апошні раз на сувязь яна выходзіла пры канцы сакавіка 2025-га. Пазней выявілася, што яшчэ 26 лютага таго года яна пакінула тэрыторыю Польшчы і паляцела ў Лондан. З Вялікабрытаніі адправілася на Шры-Ланку, а адтуль — у Дубай, там яе след губляецца.
Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаўнта былі спампаваныя дакументы, якія тычацца працы арганізацыі. Таксама паведамлялася, што Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч долараў са сродкаў фонду Białoruś Liberty.