“Суцяшальны прыз” замест “вялікай здзелкі”. Вольга Лойка пра вызваленне
Вольга Лойка / Plan B.
— Гэта такая ўжо сярэдняя здзелка, бо ўсім відавочна, што зняцця антываенных санкцый Лукашэнку не відаць, як, уласна, і Пуціну, — каментуе Еўрарадыё аперацыю па чарговым вызваленні беларускіх палітвязняў эканамічная аглядальніца і экс-палітвязніца Вольга Лойка.
19 сакавіка ў Беларусі вызвалілі каля 250 палітвязняў. 15 чалавек былі вывезены ў Літву, астатнія, імаверна, засталіся ў Беларусі. Здзелка адбылася на фоне частковага зняцця санкцый ЗША з асобных беларускіх банкаў і прадпрыемстваў.
Добра гэта ці дрэнна?
Паводле ацэнкі Вольгі Лойка, гаворка ідзе хутчэй пра тактычныя крокі, чым пра сур’ёзныя змены ў санкцыйнай палітыцы.
Частковае зняцце санкцый без сур’ёзных уступак
— Санкцыі, якія абяцаў зняць Коўл (з Белінвестбанка, Банка развіцця і Мінфіна Беларусі), — гэта такі вось суцяшальны прыз і магчымасць палегчыць некаторыя разлікі, — кажа Вольга Лойка. — Ніякага фундаментальнага значэння гэтае рашэнне мець не будзе, як і дадатковае зняцце калійных санкцый з “Беларуськалія” і з Беларускай калійнай кампаніі. Фактычна казаць пра нейкія сур’ёзныя ўступкі амерыканцаў у бок Лукашэнкі не даводзіцца.
Па ўсім відаць, здзелка, якую Лукашэнка анансаваў як “вялікую”, некалькі перафарматавалася.
19 сакавіка, мяркуючы па паведамленнях з Беларусі, тэма санкцый асабліва не абмяркоўвалася. Візіт, амбасада, абдымкі, пацалункі… ну і ўжо знятыя санкцыі.
Чаму гэтая здзелка ўсё ж выгадная Мінску
— У прынцыпе, на самой справе, здзелка выглядае для Беларусі максімальна добрай у цяперашніх няпростых умовах — калі сябры Лукашэнкі адзін за адным заканчваюцца, калі ўсім зразумела, што Еўрасаюз не будзе здымаць санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і Расіі ў сувязі з саўдзелам і ўдзелам у вайне супраць Украіны.
Таму пакуль атрымліваецца, што людзі будуць выходзіць групамі.
Важна, што, паводле апошніх даных, частка людзей засталася ў Беларусі — у іх была такая магчымасць. Гэта тое, чаго многія вельмі хацелі і чаго дамагаліся. Ну і, падобна, на коне будзе і спыненне рэпрэсій. Амерыканцы пра гэта не забываюцца, за што ім вялікі дзякуй.
Ну і чакаем усіх дома.