Куды ўцякаць. Пераязджаем у Грузію: што трэба ведаць на першы час

Грузія / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Грузія / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Пасля палітычных узрушэнняў 2020 года дзясяткі тысяч беларусаў пакідаюць краіну. Хтосьці робіць гэта знянацку, ратуючыся ад пераследу, хтосьці спрабуе падрыхтавацца. Еўрарадыё запускае серыю матэрыялаў, у якіх раскажа пра тое, да чаго быць гатовым пры пераездзе ў Грузію, Украіну і Польшчу.

Чытайце пра асаблівасці ўезду ў краіну, пошук жылля, працы і многае іншае, што дапаможа пачаць жыццё на новым месцы.
 

Уезд

Для прыезду ў Грузію, калі вы не вакцынаваныя, вам спатрэбіцца ПЛР-тэст, якому менш за трое сутак. Таксама на працягу трох дзён вам трэба будзе здаць яшчэ адзін тэст — інакш пры выездзе з краіны вам будзе прад'яўлены штраф 2 тысячы лары, што эквівалентна $580. Важнае дапаўненне: дзецям да 10 гадоў ПЛР-тэст у Грузію не патрэбны.

Грузія прызнае любую двухфазную вакцыну і аднафазную Johnsson&Johnsson. Перад прылётам трэба запоўніць анкету на ўезд.

Калі вы вакцынаваныя, то пры прыбыцці на самалёце вам не патрэбен ні тэст па прылёце, ні на працягу трох дзён пасля прылёту.

Калі вы перасякае наземную мяжу або мяжу па моры, то з вакцынай патрэбен ПЛР-тэст на ўезд, але не патрэбен паўторны на працягу трох дзён. Калі вы не вакцынаваныя, то патрэбен ПЛР-тэст і на ўезд, і паўторны на працягу трох дзён.
 

Жыллё

Калі вы едзеце ў Грузію з мэтай застацца там даўжэй, то спярша лепш зняць часовую кватэру на тыдзень-два, каб удумліва вывучыць мясцовы рынак нерухомасці. У ідэале, калі вы ні разу не былі ў Грузіі, спачатку варта вызначыцца з горадам.

І калі ваш выбар прыпаў на Тбілісі, то варта больш уважліва падысці да выбару раёна — яны тут усе даволі моцна адрозніваюцца. Дый каб зразумець, які вам бліжэй. Часовае жыллё можна глядзець на такіх міжнародных сэрвісах, як airbnb.com, booking.com, hostelworld.com.

Ужо будучы ў Грузіі, пачаць вывучаць рынак нерухомасці можна на сайтах myhome.ge і ss.ge. Там можна глядзець як у арэнду, так і на куплю. Або ў пабліках у фэйсбуку, напрыклад у такім, або ў тэлеграме.

Аднак не варта судзіць кватэру па фатаграфіях, тут заўсёды трэба глядзець ужывую. Цэны пачынаюцца ад $200-250 за аднапакаёвую, але ўсё залежыць ад раёна, дзе вы захочаце жыць.

Важны момант: у выпадку доўгатэрміновай арэнды — давядзецца заплаціць за першы і апошні месяц.

Куда бежать. Переезжаем в Грузию: что надо знать на первое время
Раён Салалакі, Тбілісі / Аляксей Карпека, Еўрарадыё

Праца

Асноўныя даступныя вакансіі ў Грузіі для замежнікаў — у сферы турызму. Хостэсы ў гатэль, прыбіральшчыцы, кухонныя рабочыя, няні.

Сярэдні заробак у Грузіі каля 1200 лары. Але рэальны недзе 700-900, гэта каля 250-300 долараў. Працу варта шукаць у групах у фэйсбуку (1, 2, 3) або ў тэлеграме.
 

Крымінал

Апошнія гадоў дзесяць, па афіцыйных звестках МУС, злачыннасць у Грузіі стабільна памяншаецца. Аднак у апошні год праз кавід-абмежаванні і збядненне насельніцтва перыядычна здараюцца крадзяжы, рабаванні і захопы банкаўскіх аддзяленняў.

У цэлым Грузія бяспечная для замежнікаў краіна, але гэта зусім не значыць, што трэба адключаць пільнасць і здаровы розум.

Куда бежать. Переезжаем в Грузию: что надо знать на первое время
Від з гары Мтацмінда, Тбілісі / Аляксей Карпека, Еўрарадыё

Медыцына

Калі вы плануеце ў Грузію надоўга (месяц і больш), то адразу варта разгледзець куплю мясцовай медстрахоўкі. Іх ёсць некалькі на выбар. Напрыклад, ARDI або GPI, кошт залежыць ад выбранага пакета паслуг. У сярэднім цана ў месяц пачынаецца ад 20 долараў.

Пры заключэнні дамовы трэба будзе дадаткова аплаціць і апошні месяц. У пакет часцей за ўсё ўваходзіць асабісты тэрапеўт, зніжкі на аналізы, медыкаменты і паслугі профільных лекараў.
 

Адукацыя

У рускамоўных дзяцей у Тбілісі ёсць два варыянты школ, куды пайсці вучыцца:

— прыватныя школы: "Інтэлект+", "Праектар", "New Georgian Gymnasium", "Free School" і іншыя. Цана навучання ад $100 да $500 у месяц;

— ёсць 12 дзяржаўных бясплатных грузінскіх школ з рускім сектарам: №37, №64, №72, №79, №96, №98, №105, №116, №132, №142, №144, №146. Усе яны раскінутыя па розных раёнах Тбілісі.

Для паступлення ў грузінскія школы неабходны будзе шэраг дакументаў, але лепш удакладняць непасрэдна ў школе: магчыма, што спіс можа змяншацца або павялічвацца.

У Батумі з рускамоўнымі школамі справы ідуць горш. Ёсць усяго чатыры ўстановы, дзе арганізаваны г. зв. рускі сектар: гарадскія школы №3 і №7, а таксама дзве прыватныя: "Еўра-2000" і "XXI стагоддзе".

Куда бежать. Переезжаем в Грузию: что надо знать на первое время
Раён Аўлабары, Тбілісі / Аляксей Карпека, Еўрарадыё

Перавозка рэчаў

Перавозка рэчаў — працэс працаёмкі і дарагі. Варыянтаў некалькі. Можна заказаць перавозку ў лагістычнай кампаніі (сума будзе залежаць ад аб'ёму і вагі вашых рэчаў).

Яшчэ можна адпраўляць рэчы EMS-пасылкамі, але там ёсць абмежаванні па вазе і напаўненні. Не ўсё перасылаецца па пошце.
 

Легалізацыя

У Грузіі беларус можа знаходзіцца 360 дзён у годзе без якіх-небудзь віз і відаў на жыхарства. Вы можаце выехаць з краіны і тут жа ў яе назад уехаць — у такім выпадку тэрмін абнуляецца і вы зноў можаце амаль год знаходзіцца без візы.

Можна атрымаць розныя віды на жыхарства. Ёсць магчымасць атрымаць яго за валоданне нерухомасцю сукупнай цаной ад 100 тысяч долараў. Ёсць яшчэ больш дарагі варыянт — інвестыцыйны ВНЖ, але трэба ўкласці 300 тысяч долараў.

Працоўны ВНЖ можна атрымаць пры наяўнасці працоўнай дамовы з грузінскай кампаніяй, у якой абарот не менш як 50 тысяч лары. Ёсць магчымасць атрымаць ВНЖ асобам свабоднай прафесіі — напрыклад, журналістам.

Спецыяльны ВНЖ — выдаецца ахвярам гандлю людзьмі, палітычным уцекачам, праваабаронцам і іншым гнаным за погляды або дзейнасць, якая не супярэчыць законам Грузіі.

Куда бежать. Переезжаем в Грузию: что надо знать на первое время
Раён Салалакі, Тбілісі / Аляксей Карпека, Еўрарадыё

Бізнес

Юрыдычную асобу можна адкрыць без віду на жыхарства, але спатрэбіцца шэраг дакументаў і юрадрас, які прадаюць спецыяльныя прадаўцы каля Дома юстыцыі ў Тбілісі.

Мікрабізнес можна адкрыць проста наведаўшы падатковую інспекцыю. Ёсць абмежаванні на абарот і віды дзейнасці, але калі прытрымлівацца правілаў, то вы не будзеце плаціць з гэтага ніякіх падаткаў.

У Грузіі два буйныя банкі: TBC і Bank of Georgia. TBC — хутка адкрывае рахунак, часцей за ўсё за суткі, ёсць мабільны і інтэрнэт-банкінг. Адкрываюцца адразу мультывалютныя рахункі: EUR, USD, GEL.

Bank of Georgia — самы буйны банк Грузіі, але нерэзідэнту краіны без віду на жыхарства могуць і не адкрыць рахунак. У астатнім яны абодва зручныя.
 

Культурнае жыццё дыяспары

У Грузіі ёсць невялікая беларуская дыяспара, якая перыядычна ладзіць акцыі салідарнасці. Сачыць за яе жыццём можна з дапамогай двух тэлеграм-каналаў: "Беларусы Грузии" і "BY in Georgia".

Куда бежать. Переезжаем в Грузию: что надо знать на первое время
Тбілісі / Аляксей Карпека, Еўрарадыё

Лайфхакі

За час пандэміі каранавіруса ў Грузіі моцна развіўся сэрвіс дастаўкі. У адрозненне ад той жа Беларусі, тут няма абмежаванняў на дастаўку лекаў і алкаголю. У краіне дзясятак розных даставак, але вось тры самыя буйныя: Wolt, BoltFood і Glovo.

Мабільная сувязь лепш Magti — шмат офісаў, гнуткая сістэма карыстальніцкіх пакетаў. Тыднёвы мабільны анлім каштуе 5 лары. Асобна пры неабходнасці закупляюцца хвіліны на званкі і эсэмэс.

На гэтым сайце можна зрабіць транслітарацыю з грузінскага напісання лацінкай на звычайнае грузінскае і ўжо атрыманую версію перакласці ў "Гугл транслэйт ".

Мабільная праграма Google перакладае з грузінскай фатаграфаваннем тэксту. Важна выставіць у наладах не "грузінская", а "вызначыць мову".

Даведачная у тэлеграме, дзе можна спытаць усё пра ўсё 

Рускамоўная група экспатаў у фэйсбуку, дзе таксама можна спытаць усё пра ўсё.

А таксама тры навінавыя тэлеграм-каналы: "Тбилиси для людей и про людей", "Николай Левшиц" і "Tbilisi_life".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі