Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час

Ратуючыся ад пераследу і рэпрэсій, беларусы працягваюць пакідаць краіну. Калі скончыцца палітычны крызіс, ніхто не ведае. Шмат каму даводзіцца з’язджаць, каб перачакаць яго ў больш спакойным месцы.

Еўрарадыё працягвае праект “Куды ўцякаць”, у якім мы расказваем, з чым прыходзіцца сутыкацца грамадзянам нашай краіны пры пераездзе ў розныя краіны свету. Раней мы пісалі пра Грузію і Украіну, а цяпер расказваем пра асаблівасці Польшчы.

Як уехаць, знайсці жыллё, працу, легалізавацца, а таксама шмат чаго іншага, што дапамагае беларусам пачаць новы этап у сваім жыцці. Пра ўсё гэта расказвае нашым чытачам актывіст і прадстаўнік Беларускага хаба Алесь Лапко.

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Алесь Лапко / архіў суразмоўцы

Выезд з Беларусі і ўезд у Польшчу

Першая складанасць, з якой сутыкнецца беларус, — выезд з Беларусі і ўезд у Польшчу. 

Калі ў Турцыю ці ў Грузію можна паляцець самалётам, у Польшчу — толькі выехаць наземным транспартам: на сваёй машыне, аўтобусам ці маршруткай. Для перасячэння мяжы на выезд з Беларусі трэба паказаць дакумент, які пацвярджае мэту выезду. Як мы ведаем, можна выязджаць толькі на вучобу, па працы ці на лячэнне. Будзе дастаткова працоўнай дамовы з перакладам на рускую і беларускую мовы ці даведкі з універсітэта, калі чалавек едзе вучыцца. Студэнцкага білета цяпер недастаткова.   

Што да польскага боку, яшчэ летась пры актыўнай дзейнасці беларускіх арганізацый у Польшчы польскія ўлады зрабілі змены ў заканадаўства. 

На ўезд абмежаванняў для беларусаў няма. Беларусы, у адрозненне ад іншых грамадзян, могуць уязджаць у Польшчу з любым відам візы.  

Калі вы рабілі прышчэпку, прызнаную Еўрасаюзам, трэба паказаць на ўездзе сертыфікат. Калі прышчэпкі няма, давядзецца пасядзець 14 дзён на каранціне. 

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
На мяжы / sport-marafon.ru

Жыллё 

На першы час можна шукаць пакоі, кватэры на суткі ці засяліцца ў хостэл. Вельмі шмат прапаноў на Airbnb.pl ці Booking.com. Сталае жыллё можна шукаць праз парталы olx.pl, otodom.pl, gumtree.pl. У гэтых парталаў ёсць прыязныя мабільныя праграмы, можна спампаваць і ўжо шукаць. За апошні год цэны арэнды жылля вельмі падраслі. Таксама растуць цэны камунальных паслуг.

Папулярныя кватэры ў Польшчы — кавалеркі (спальня, аб’яднаная з кухняй). У адрозненне ад мінскіх студый яны не вельмі вялікія. У залежнасці ад раёна арэнда такой кватэры з больш-менш нармальнымі ўмовамі ніколі не будзе таннейшай за 1500 злотых у месяц. Гэта мінімум, і такіх кватэр мала, трэба разлічваць на 2000+.  

 

Камуналка (чынш)

Збольшага камуналку бяруць на сябе гаспадары кватэры, але калі ўсё ж гэты абавязак ускладзены на вас, трэба ведаць: некалькі кубаметраў вады ўжо ўлічаны ў базавай камунальнай аплаце. Калі не пераходзіць звыш гэтага ліміту, то праблем не будзе. Газ плаціцца звычайна па адзінай стаўцы. Электрычнасць тут нятанная.

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Дапамога беларусам / belarusam.pl

Праца

Год таму Польшча зрабіла палягчэнне для беларусаў, якія з’язджаюць з краіны з палітычных прычын і атрымліваюць гуманітарныя візы. Цяпер з імі можна працаваць без дазволу. Калі ў вас ёсць працоўная віза, таксама няма праблемаў. 

Шмат у каго ёсць карта паляка, яна дае права працаваць без дазволу. Турыстычныя і бізнес-візы права працаваць без дазволу не даюць.

Напрыклад, у вас такая сітуацыя. Калі вы знайшлі працу і працадаўца гатовы за вас паручыцца, можна падавацца на карту побыту па працы. Другі шлях — паехаць, напрыклад, ва Украіну і зрабіць працоўную ці гуманітарную візу. 

Таксама можна падацца на статус уцекача ці міжнародную абарону. Гэта дае магчымасць працаваць. Вельмі важна, што некаторыя беларусы баяцца гэта рабіць, бо думаюць, што ў іх забяруць пашпарты і яны не змогуць працаваць, пакуль будуць чакаць статусу. Насамрэч, калі ў цябе ёсць гуманітарная ці працоўная віза ў пашпарце, гэта дае магчымасць працаваць нават без пашпарта ў руках.  

 

Дзе адкрыць рахунак 

За апошнія гады працэдура адкрыцця замежнікам рахункаў у польскіх банках ускладнілася. Але засталіся банкі, дзе гэта робяць нават без нейкіх дадатковых паперак, толькі з пашпартам і візай. Гэта, напрыклад, дзяржаўныя банкі: PKO, Bank Pocztowy. Можна адкрыць рахунак, атрымаць картку, атрымліваць на яе заробак і гэтак далей. У Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, рахунак не абавязвае, каб у цябе была картка.         

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Bank Polski

Польшча і крымінал

Польшча не больш крымінальная, чым Беларусь. Збольшага тут усё спакойна. Канешне, калі нехта кажа пра нейкія небяспечныя гарады ці раёны, звычайна гэта самі палякі і іх словы пабудаваныя на нейкіх старых стэрэатыпах. Бо ў Польшчы таксама былі свае 90-я, калі тут было менш бяспечна, чым цяпер. 

Пасля таго як Польшча ўвайшла ў Еўрасаюз, шмат крымінальных элементаў з’ехала далей на Захад, бо адкрыліся межы. Таму, калі нехта кажа, што па варшаўскім Грохаве ці Празе лепш не хадзіць ноччу, гэта ўсё адносіцца да Польшчы мінулага. Тое самае датычыцца і іншых гарадоў. Але зразумела, што выпадкі бываюць розныя, як і ўсюды.  

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Варшаўскі раён з крымінальным мінулым Прага / Еўрарадыё
Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Таксама на Празе / Еўрарадыё

Медыцына

Беларус, які з’язджае ў Польшчу, абавязкова павінен афармляць страхоўку. Напрыклад, турыстычная страхоўка гарантуе, што выклік машыны хуткай дапамогі не будзе каштаваць яму тысячаў злотых. Бо такая паслуга вельмі дарагая. 

Дарэчы, каб выклікаць хуткую, у чалавека павінны быць вельмі сур’ёзныя падставы. Калі ў вас проста падвысілася тэмпература, хуткая не прыедзе, але спецыяліст можа пракансультаваць вас па тэлефоне.

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Прышчэпкі ў Варшаве / Еўрарадыё

Легалізацыя

Рэпрэсаваныя людзі, якія ідуць па шляху міжнароднай абароны, павінны падрыхтаваць дакументы, прайсці сумоўе, даказаць, што яны былі вымушаны з’ехаць у Польшчу, бо жыць у Беларусі ім стала небяспечна. Да беларусаў па гэтым пытанні ставяцца вельмі лагодна, і на працягу двух-трох месяцаў яны атрымліваюць статус уцекачоў. Гэта хутка.

Беларусы, якія не падаюцца на гэты статус, могуць знаходзіцца ў Польшчы па нацыянальнай візе. Калі гэта віза тыпу D, чалавек можа знаходзіцца тут 365 дзён. Да таго ж закон [быў уведзены год таму на час пандэміі. — Еўрарадыё] гаворыць пра тое, што, нават калі гэты тэрмін скончаны, ты можаш працягваць знаходзіцца ў Польшчы: працаваць, вучыцца і гэтак далей. 

Таксама можна атрымаць часовы від на жыхарства (да трох гадоў), напрыклад па працы, да якога дадаецца карта побыту. Такая карта замяняе візу, з ёю можна выязджаць за мяжу, але пры гэтым у чалавека павінен быць пашпарт.

Легалізавацца беларусам сёння не вельмі складана. Польскія ўлады ставяцца да грамадзян нашай краіны з разуменнем.    

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
У Варшаве / Еўрарадыё
Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
На Вісле / Еўрарадыё

Культурнае жыццё дыяспары

Культурнае жыццё беларускай дыяспары ў Польшчы нашмат разнастайнейшае, чым некалькі гадоў таму, бо апошнім часам праз рэпрэсіі сюды выехала вельмі шмат культурных дзеячаў: гэта і музыкі, і мастакі, і акторы. Яны гуртуюцца як унутры беларускай тусоўкі, так і робяць розныя праекты разам з палякамі. 

Палякі разумеюць і падтрымліваюць беларусаў, бо самі перажывалі тое самае ў 80-х, калі арыштоўвалі іх актывістаў, ліквідавалі прафсаюз “Салідарнасць”, пазакрывалі розныя іншыя арганізацыі.

Teatr Powszechny у Варшаве прапанаваў тэатралам збірацца ў іх, рэпетаваць, праводзіць чытанні, ставіць спектаклі. Па ўсёй Польшчы праводзіцца шмат канцэртаў нашых музыкаў, нават робяцца туры.

Таксама ў Варшаве ёсць беларускія пляцоўкі, дзе рэгулярна праходзяць розныя івэнты. Напрыклад — бары Beer Station на Празе і ў цэнтры. Там выбудавалася добрая барная культура: па некалькі разоў на тыдзень праводзяцца розныя імпрэзы. Іх ладзяць самі беларусы, каб падтрымліваць адно аднаго, бо шмат хто праз творчасць атрымлівае псіхалагічную разгрузку. 

Акрамя таго, нядаўна ў Варшаве адкрыўся Беларускі хаб, куды прыходзяць актыўныя людзі, рэпетуюць, ладзяць сустрэчы і вечарыны, пішуць лісты палітвязням.

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Дзеці малююць паштоўкі і пішуць лісты палітвязням у Беларускім хабе / Еўрарадыё

Месцы

Акрамя Beer Station, у Варшаве працуе беларуская кухня Not 1984. Там робяць дранікі, мачанку, іншыя нашы стравы. Працуе паслуга дастаўкі праз ubereats.com. Насамрэч шмат хто з замежнікаў просіць паказаць нейкую рэстарацыю, дзе можна пакаштаваць беларускую ежу. Але так атрымалася, што беларуская і польская кухні вельмі падобныя, таму, магчыма, вялікага жадання адкрываць нешта сваё тут у нашых людзей няма. 

Temperatura — яшчэ адно цікавае месца, куды прыходзяць беларусы. Там можна пакаштаваць каву на пяску. Цэн на яе няма, кожны пакідае столькі, колькі можа.

Увогуле, шмат беларусаў працуе ў польскіх барах. Яны ладзяць нейкія сустрэчы, заўсёды запрашаюць. 

 

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Атмасферная Temperatura / Еўрарадыё

Лайфхакі

Па-першае, адразу па прыездзе ў Варшаву спампуйце сабе на тэлефон праграму Jakdojade. З ёю лягчэй перасоўвацца па незнаёмым горадзе. Праграма разлічвае і паказвае зручныя маршруты транспарту і час, калі ён і дзе спыняецца.  

Яшчэ ёсць мабільная праграма Foodsi. Праз яе можна заказваць наборы ежы ў розных крамах, пякарнях і рэстарацыях. За дзве гадзіны да закрыцця гэтыя месцы аддаюць свае прадукты і стравы з вялікай зніжкай.

Таксама шмат крамаў у Польшчы папярэджваюць загадзя, што ў іх будуць зніжкі, і можна неяк улічваць гэта і эканоміць. 

Ну і калі не толькі пра ежу, памятайце, што ў некаторыя дні ў розныя музеі Польшчы можна трапіць бясплатна.

Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
У адным з польскіх бараў / Еўрарадыё

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі