Колькасць нерэгулярных мігрантаў з Беларусі ў Польшчу знізілася на 96%
Супрацоўнік польскай службы аховы мяжы / x.com/Straz_Graniczna
Нелегальная міграцыя з Беларусі ў Польшчу з 2022 года зменшылася на 96%, паведамілі ў польскім МУС.
У першым квартале 2022 года было зафіксавана 3306 спроб перасячэння мяжы ў абыход рэгулярных працэдур. А ў першым квартале 2026 года іх было 158.
У МУС лічаць, што на зніжэнне актыўнасці мігрантаў паўплывала часовае абмежаванне на падачу на беларускай мяжы хадайніцтваў аб міжнароднай абароне. Гэта абмежаванне было ўведзена польскім урадам вясной 2025 года.
У 2022 годзе Польшча пабудавала на мяжы з Беларуссю загароджу вышынёй 5,5 м і даўжынёй 186 км, а таксама ўсталявала сістэму электроннага маніторынгу. З чэрвеня 2024 года на мяжы з Беларуссю была ўведзена буферная зона, якая мае даўжыню каля 80 км.
Да 2028 года ў межах маштабнай праграмы "Шчыт Усходу" на мяжы з Расіяй і Беларуссю ўзвядуць умацаванні, сістэмы выяўлення і апавяшчэння, пабудуюць сістэмы супрацьдзеяння беспілотнікам.