Беларуса ў Польшчы вінавацяць у перапраўцы праз мяжу 160 метэазондаў з цыгарэтамі

Польскія памежнікі каля метэазонда з цыгарэтамі, ілюстрацыйнае фота

Польскія памежнікі каля метэазонда з цыгарэтамі, ілюстрацыйнае фота / strazgraniczna.pl

У Польшчы памежная служба расследуе справу арганізаванай злачыннай групы, якая займалася нелегальнай перапраўкай цыгарэт з Беларусі праз мяжу. За 11 месяцаў яны пераправілі ў Польшчу 160 метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, паведамляе Рэгіянальная пракуратура ў Любліна.

Паведамляецца, што група дзейнічала з траўня 2025-га па красавік 2026 года на тэрыторыі Падляшскага, Люблінскага і Мазавецкага ваяводстваў. Яе ўдзельнікі перапраўлялі цыгарэты ў Польшчу на метэазондах. Пасля прызямлення ў Польшчы цыгарэты перадавалі іншым удзельнікам грулы для рэалізацыі.

У рамках расследавання затрыманы 34-гадовы грамадзянін Беларусі Міхаіл С. Яго вінавацяць па чатырох крымінальных артыкулах: кіраўніцтва злачыннай групай, кантрабанда, парушэнне санкцыйнага рэжыму і парушэнні авіяцыйнага заканадаўства.

У пракуратуры сцвярджаюць, што беларус арганізаваў дастаўку на тэрыторыю Польшчы на 160 метэазондах не менш за 240 тыс. пачкаў цыгарэт розных марак. Страты бюджэту Польшчы ад нявыплачаных акцызаў ацэньваюцца ў суму не менш за 6 млн злотых.

Беларус падчас допыту часткова прызнаў віну ў кантрабандзе. За кіраўніцтва злачыннай групай яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, за парушэнне санкцыйнага рэжыму — не менш за тры гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.