"Дзейнічалі дзеля фінансавай выгады": праваднікоў мігрантаў адправілі ў турму

Міграцыйны крызіс, фота ілюстрацыйнае

Міграцыйны крызіс, фота ілюстрацыйнае / euroradio.fm

Польскі суд прысудзіў да турэмнага зняволення дзесяць чалавек, якія дапамаглі 225 мігрантам перасекчы беларуска-польскую мяжу ў абыход рэгулярных працэдур. Суд Любліна прысудзіў ім тэрміны ад 1 года і 1 месяца да 2 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі.

Паводле звестак пракурора, асуджаныя дапамаглі мігрантам з Афганістана, Ірака, Пакістана і шэрагу іншых краін Азіі і Афрыкі ўехаць у Польшчу ў 2024 і 2025 гадах.

Некаторыя з асуджаных выступалі ў ролі праваднікоў — яны суправаджалі мігрантаў праз участкі мяжы, размешчаныя паміж афіцыйнымі пунктамі пропуску. Іншыя перавозілі мігрантаў на спецыяльна падрыхтаваным транспарце ў выбраныя краіны Еўрапейскага саюза.

Суд пастанавіў, што ўсе асуджаныя рабілі гэта дзеля фінансавай выгады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.