Іх барацьба. Як у Мінску з 2006 года забаранялі і дазвалялі гандляваць алкаголем

Іх барацьба. Як у Мінску з 2006 года забаранялі і дазвалялі гандляваць алкаголем

З 1 кастрычніка 2018 года ў Мінску абмяжоўваюць продаж алкаголю ў начны час. Уводзяць зноў — з моманту, калі ўлады адмянілі папярэднія абмежаванні, мінула тры гады і адзін месяц.

Няўжо ў чыноўнікаў такая кароткая памяць, і ўлады не зрабілі ніякіх высноваў з папярэдняга “сухога закона”? Еўрарадыё паглядзела, з якімі фармулёўкамі ў Мінску забаранялі і з якімі дазвалялі гандаль алкаголем уночы.

Асноўны лабіст абмежаванняў на продаж алкаголю — міліцыя

Асноўны праціўнік таго, каб пасля 23:00 прамчацца на таксі да бліжэйшага “начніка” і набыць бутэлечку каньячку, гэта МУС. Ведамства пастаянна выступае за абмежаванні на продаж алкаголю, скарачэнне колькасці начных крамаў, а ў апошні час — за павышэнне ўзросту, з якога можна набываць спіртныя напоі, з 18 да 21 года і за тое, каб у крамах былі створаныя асобныя залы з алкаголем.

Аргументацыя міліцыі простая: 80% сур’ёзных злачынстваў (забойстваў, разбояў і рабаванняў, выпадкаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў) здзяйсняецца людзьмі ў стане алкагольнага ап'янення. “Большасць гэтых правапарушэнняў не была б здзейсненая, калі б людзі не знаходзіліся пад уплывам алкаголю”, — казаў начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей.

Таксісты і іншыя

Апошні раз МУС уздымала гэтае пытанне ў траўні 2018 года (да таго — у верасні 2017-га і ў кастрычніку 2016-га). Усяго за тры месяцы да таго, у лютым Аляксандр Лукашэнка казаў, што сумняваецца ў дзейснасці забарон і ўзроставых абмежаванняў:

"Калі вы хочаце жулікаў развесці, якія будуць з-пад палы — таксісты і іншыя — прадаваць ноччу і позна ўвечары алкаголь, і кішэні набіваць, гэта можна зрабіць".

"Я не прыхільнік усялякіх забарон і, хутчэй за ўсё, ніякія забароны дадаткова на рэалізацыю спіртнога і гэтак далей мы ўводзіць не будзем.", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Апошні раз забарона на продаж алкаголю ўночы ўводзілася ў Мінску ў 2015 годзе і пратрымалася ўсяго два месяцы. Абмежаванні ўводзіліся, як тлумачыла МУС, каб "крымінагенная сітуацыя была кантраляванай і менш здзяйснялася злачынстваў і правапарушэнняў, звязаных з п'янствам на бытавой глебе". Адмену забароны Мінгарвыканкам патлумачыў павелічэннем продажаў кантрафакту, якасць якога выклікае сумневы.

Але што змянілася з таго часу? Няўжо ў Мінску за тры гады перавяліся "таксісты", гатовыя прадаць пасажыру бутэлечку гарэлкі, ці "іншыя", якія наладжвалі продаж алкаголю праз сацсеткі?

“Мы не павінны дапусціць, каб беларускі народ губілі няякаснымі падробкамі”

25 жніўня 2015 года была знятая папярэдняя забарона на продаж алкаголю ў Мінску. За пяць дзён да таго Аляксандр Лукашэнка адчытаў урад за нерашучасць у абароне ўнутранага рынку ад няякаснага алкаголю:

"Імпарт спіртнога павялічваецца, расце яго нелегальны абарот, а ўласная вытворчасць скарачаецца. Мы не павінны дапусціць, каб беларускі народ губілі няякаснымі падробкамі і нізкапробным кантрафактам", — заявіў тады кіраўнік краіны.

Ну і як цяпер з гэтай аргументацыяй?

Дзеля справядлівасці, з 1 ліпеня 2015 года ў Беларусі дзейнічаюць адмысловы ўказ і дэкрэт, накіраваныя на ўзмацненне дзяржаўнага рэгулявання ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі. Але сам жа Аляксандр Лукашэнка, казаў, што “пэўныя негатыўныя тэндэнцыі захоўваюцца”.

Дарэчы, ці супадзенне, што адмена абмежаванняў у 2015 годзе адбылася за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў?

Калі ў Беларусі ўпершыню абмяжоўвалі гандаль алкаголем?

З праблемай сурагатнай прадукцыі і кантрафактам міліцыя сутыкалася і раней. У 2006-2007 гадах нават дзейнічала частковая забарона на продаж алкагольнай прадукцыі пасля 23:00. Прадстаўнікі МУС распавялі, што з-за абмежаванняў значна павялічылася колькасць сурагату, небяспечнага для здароўя, на ценявым рынку.

Асобным радком ідзе прапанова МУС забараніць продаж алкаголю асобам ва ўзросце да 21 года. Гэтая тэма падымаецца штогод як мінімум з 2014-га. Аднак пакуль ніякіх змен — ні ўрад, ні Аляксандр Лукашэнка не падтрымліваюць гэтую ініцыятыву. Легальна купіць алкаголь можна купіць адразу пасля 18-га дня нараджэння.

Па кім празвініць звон?

Па прагнозе Мінфіна, акцызы мусяць скласці 8,9% ад падатковых прыбыткаў кансалідаванага бюджэту Беларусі на 2018 год. Гэта 2 465 553 100 рублёў. Тут улічаныя не толькі алкагольныя, але, напрыклад, і тытунёвыя акцызы. Але нескладана здагадацца, што абмежаванне на продаж алкаголю ў Мінску прывядзе да істотнага змяншэння гэтай сумы.

Паменшацца таксама падатковыя паступленні ад начных крамаў, якія ўжо заявілі Еўрарадыё, што прагназуюць зніжэнне сваёй рэнтабельнасці. Частка з іх увогуле адмовіцца ад таго, каб працаваць 24/7, і будзе закрывацца ў 23:00 — у час, калі забаронена прадаваць спіртныя напоі.

Беларуская алкагольная прамысловасць цяпер не ў лепшым стане. Нядаўна аб'явіў аб банкрутцтве "Падсвільскі вінзавод". "Бабруйскі завод напояў", некалькі гадоў таму абвешчаны банкрутам, 28 верасня заявіў, што пачынае ліквідацыю. І ў гэтую нялёгкую часіну вырашана забараніць у Мінску начны продаж алкаголю! Чакаем, па кім наступным празвініць звон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі