Стала вядома, чаму не працуюць шапікі "Белсаюздруку"

Шапік "Белсаюздруку"

Шапік "Белсаюздруку" / blizko.by

"Белсаюздрук" далучаюць да "Белпошты" з 30 красавіка. Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

"З 30 красавіка гандлёвыя аб'екты "Белсаюздруку" — шапікі, павільёны — з'яўляюцца часткай гандлёвай сеткі РУП "Белпошта", у якіх, як і раней, будзе ажыццяўляцца рэалізацыя друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, тавараў спажывецкага попыту і іншае", — гаворыцца ў паведамленні "Белпошты".

Перапынкі ў працы шапікаў у "Белпошце" тлумачаць "арганізацыйнымі мерапрыемствам па перадачы шапікаў і павільёнаў". Гэтыя работы плануецца паэтапна завяршыць да 2-8 траўня.

Друкаваныя выданні, аформленыя па падпісцы ў "Белсаюздруку", можна будзе атрымліваць у шапіках, павільёнах і пунктах "Белпошты". "Пра месца атрымання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі падпісчыкі будуць інфармаваныя шляхам размяшчэння аб'явы на гандлёвым аб'екце", — удакладняюць у "Белсаюздруку".

Пра масавае закрыццё шапікаў "Белсаюздруку" ў Гомелі раней пісаў "Флагшток".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.