Інтэрнэт-крамаў у Беларусі стала менш, чым у 2021 годзе
Інтэрнэт-гандаль, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Гандлёвым рэестры Беларусі цяпер зарэгістравана каля 24,9 тысячы інтэрнэт-крамаў. Такую лічбу прыводзіць sb.by.
Яшчэ год таму, па стане на 1 студзеня 2025-га, іх у краіне налічвалася 30,99 тысячы. Атрымліваецца, што за год іх колькасць зменшылася на 19,7%.
Цяпер інтэрнэт-крамаў у Беларусі нават менш, чым было ў 2021 годзе. Тады па стане на 1 студзеня налічвалася 25,4 тысячы крамаў. У наступныя гады іх колькасць толькі павялічвалася.
У МАРГ кажуць, што актыўнае развіццё лічбавага гандлю, шырокі асартымент тавараў у інтэрнэце, лёгкасць пошуку і зручнасць выкарыстання прыцягваюць не толькі спажыўцоў, але і нядобрасумленных прадаўцоў. Маўляў, сярод скаргаў спажыўцоў анлайн-пакупкі і жыллёва-камунальныя паслугі займаюць першыя месцы.