Вы тут

Этыленгліколь, кавід, “іншыя патрабаванні”: як у Беларусі забараняюць канцэрты

Лявон Вольскі з забаронамі сустракаўся і як лідар N.R.M, і як сольны выканаўца / Еўрарадыё

30 сакавіка гурт “Разбітае сэрца пацана” абвясціў пра часовы пераезд ва Украіну. Музыкі тлумачаць: за апошні час ім тройчы адмаўлялі ў выдачы гастрольных пасведчанняў.

Прычым чыноўнікі зусім разленаваліся. Цяпер яны не турбуюцца нават тым, каб прычыну адмены канцэрта прыдумаць. У адказе з аднаго з выканкамаў РСП атрымалі спасылку на падпункт 1.8 пункта 1 артыкула 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. А ён гучыць як “Парушэнне iншых патрабаванняў актаў заканадаўства”.

Што менавіта парушылі музыкі? Застаецца толькі здагадвацца. І сумаваць па часах, калі чыноўнікі яшчэ дэманстравалі крэатыўнасць і называлі розныя (і часам вельмі нетрывіяльныя) прычыны для забаронаў. 

Лявон Вольскі: “Першыя забароны 2004 году былі лёгенькія”

Лявон Вольскі з забаронамі сустракаўся і як лідар N.R.M, і як сольны выканаўца. Па словах музыкі, раней самай распаўсюджанай прычынай сарванага канцэрта была “прарваная труба” ва ўстанове, дзе планаваўся выступ. Але часам, каб не паўтарацца, чыноўнікі маглі і даць волю фантазіі:  

“Самае было прыгожае ў 2011-м на “Рок-каранацыі-2010”, якая мусіла адбыцца ў канцэртнай зале “Мінск”. Тады прыдумалі сапраўды крэатыўнае: маўляў, нешта здарылася з заслонай на сцэне — заклініла, і яна не магла адкрыцца. Яны, здаецца, так самі паверылі ў гэтую хібу, што амаль я сам паверыў у гэта”, — прыгадвае Вольскі. 

Вольскі кажа, што раней спіс забароненых музыкаў быў досыць кароткі. Але сёння яго дасталі з-пад сукна ды яшчэ дадалі тых, хто засвяціўся падчас хваляванняў. 

“Мы зараз падавалі нешта тэстава, але зразумела, што нічога не заключаць. Сітуацыя паўтараецца, але ў горшым варыянце. Першыя забароны 2004 году былі лёгенькія, бо можна было яшчэ граць у нейкіх рэстарацыях. А потым з 2011-га нават там ужо нельга было: усё адсочвалася, нават нешта акустычнае. Памятаю, як нават у “Графіці” прыходзілі нейкія камісіі і штрафавалі”.

Нягледзячы на новую хвалю забаронаў, музыка на жыццё не скардзіцца:

“Анлайн-канцэрты застаюцца, і застаюцца замежныя пляцоўкі, але з замежнымі пляцоўкамі вы самі бачыце: як на злосць таксама праблема, бо пандэмія. Але будзем знаходзіць нейкія выйсці, звычайна нешта знаходзілі”.

Ігар Варашкевіч (“Крама”): “Гастролькі не атрымліваюць тыя, хто ўдзельнічаў у дваровых канцэртах”

У лідара гурта “Крама” Ігара Варашкевіча былыя забароны канцэртаў настальгічных пачуццяў не выклікаюць: “Па-першае, нам нецікава прыгадваць тое, што было. А па-другое, мы знаходзімся ў тых жа умовах — у нас таксама сарваўся канцэрт”.

4 красавіка ў піўной рэстарацыі “Друзья” рокеры збіраліся прэзентаваць новы альбом. Але імпрэза сарвалася. Чаму? 

“Не я гэтым займаўся, а наш адміністратар. Але быццам бы сказалі, што “гастролькі” не атрымліваюць тыя, хто ўдзельнічаў у дваровых канцэртах”. 

Музыка таксама кажа, што апошнім часам іх перасталі круціць па радыё: 

“Гэта я бачу па аўтарскіх адлічэннях. Я ж ведаю, якія ў меня былі аўтарскія. Але пасля Новага года іх практычна няма. Пазаўчора хадзіў праверыць  — у мяне 61 капейка. Відаць, усё пойдзе хлопчыкам з Баранавічаў [найхутчэй, маецца на ўвазе гурт “Галасы ЗМеста”. Але гэта не дакладна. — Еўрарадыё]”.

Музыкі ўсё ж не адмаўляюцца ад ідэі прэзентаваць альбом. Але пакуль не вядомыя ні дата мерапрыемства, ні фармат.

“Цяпер невядома, што рабіць. Хіба будзем праводзіць анлайн — чарговы дурдом”, — скардзіцца Варашкевіч.  

Юры Стыльскі (“Дай Дарогу!”): “Мы патрабавалі тлумачэнняў. Адказалі, што эпідэміялагічная сітуацыя”

"Бывалі выпадкі невыканання пажарнай бяспекі, нешта там з санэпідэмстанцыяй — усякае бывала", — прыгадвае свой досвед забаронаў Юры Стыльскі, лідар брэсцкага гурта “Дай Дарогу!”.

Цяпер жа музыкаў, як і іх калег з РСП, забараняюць пры дапамозе артыкула 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Менавіта такой адпіскай ім адмовілі ў сталічным канцэрте, які яны планавалі на травень. Што праўда, пасля чыноўнікі Мінска ўсё ж растлумачылі “парушэнне iншых патрабаванняў актаў заканадаўства”.

“Мы патрабавалі тлумачэнняў. Адказалі, што эпідэміялагічная сітуацыя — каранавірус. З гэтай прычыны нам адмовілі і ў Брэсце”, — кажа Стыльскі.

Пры гэтым на “Мінск-Арэне” праходзіць канцэрт расійскага гурта “Руки Вверх”, на які збіраецца больш за 10 тысяч гледачоў. На танцполе людзі стаяць вельмі шчыльна. Але чамусьці чыноўнікі лічаць, што іх “эпідэміялагічная сітуацыя” не датычыцца.

Стыльскага забароны не расчароўваюць:

“Для мяне асабіста гэта наогул пашана — няхай перакрываюць краны. Я нават ганаруся, што я ў гэтых спісах”.

Як яшчэ музыкаў забаранялі ў Беларусі

У 2016 годзе Мінгарвыканкам не дазволіў вялікі канцэрт "Каго любіш? Люблю Беларусь", які планаваўся на 25 сакавіка і ў якім мусілі браць удзел Лявон Вольскі і "Крамбамбуля", Neuro Dubel, Akute, Dzieciuki, Vinsent, Vuraj, "Крама" ды іншыя зоркі беларускага року. Афіцыйнай прычынай адмовы стала "ўцечка этыленгліколю", якая адбылася ў Палацы спорту яшчэ 21 лютага. Рамонтныя работы зацягнуліся настолькі, што Сяргею Міхалку і гурту Brutto з гэтай жа прычыны не далі дазвол на канцэрт, які мусіў прайсці тамсама 27 траўня.

Люты, сакавік, красавік, травень. Здаецца, можна бясконца назіраць, як па мінскім Палацы спорту цячэ этыленгліколь.

У 2017 і 2018 гадах мастацкі савет пры галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама адмовіла шэрагу артыстаў з прычыны “нізкага мастацкага ўзроўню”. Не змаглі выступіць у сталіцы абсалютна розныя выканаўцы: ад расійскіх рэпераў Face і Элджэя да сусветна вядомага гурта Die Antwoord.

З беларусаў “нізкім мастацкім узроўнем” вылучыліся гродзенскія фолк-панкі “Дзецюкі”. Аднак музыкі не разгубіліся і нават рабілі мерч з прынтам свайго статусу.    

“Дзецюкі” падчас канцэрту ў Брэсце / фота: Бинокль"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.