Беларуса затрымалі на Балі, яму можа пагражаць пажыццёвае зняволенне

Ліст канабісу, фота ілюстрацыйнае

Ліст канабісу, фота ілюстрацыйнае / pixabay.com

Беларуса затрымалі на востраве Балі па падазрэнні ў захоўванні і распаўсюдзе наркотыкаў. Мужчыну можа пагражаць пажыццёвае зняволенне, пішуць мясцовыя СМІ.

Праваахоўнікі ведалі, што распаўсюднікі наркотыкаў часта атрымліваюць пасылкі ў мясцовым паштовым аддзяленні. Яны высветлілі, што адпраўленні прыходзяць на розныя імёны, і што наркакур'еры выкарыстоўваюць для атрымання адпраўленняў чужыя асабістыя даныя.

Падазраваны беларус замовіў пасылку на імя свайго мясцовага знаёмага і папрасіў яго забраць яе. Экспертыза паказала, што ўнутры была марыхуана, гатовая да распаўсюду. У беларуса канфіскавалі 7 пакетаў канабіса агульнай вагой 483,5 грама і адзін пакет белага парашку, меркавана, какаіну, вагой 33,69 грама.

На допыце беларус паведаміў, што марыхуану адправіў са Швейцарыі нейкі Ягор, з якім ён звязаўся ў Telegram. А какаін ён правёз сам, атрымаўшы яго ў знаёмага з Грузіі.

Беларусу прад’явілі некалькі абвінавачанняў, максімальная санкцыя па адным з іх прадугледжвае пажыццёвае зняволенне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.