Журналісты і прадстаўнікі НКА змогуць наведваць польскую буферную зону

Польшча ўладкоўвае буферную зону на мяжы ў адказ на абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі

Польшча ўладкоўвае буферную зону на мяжы ў адказ на абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі / tvn24.pl

Журналісты і супрацоўнікі гуманітарных арганізацый змогуць наведваць буферную зону на мяжы з Беларуссю. Ім трэба будзе толькі атрымаць пропуск. Пра гэта заявіў кіраўнік міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Томаш Семоняк. "Няма ніякіх падставаў адрэзаць мяжу ад СМІ", — прыводзіць словы Семоняка Польскае агенцтва друку.

Кіраўнік польскага МУС яшчэ раз патлумачыў прычыны з'яўлення буфернай зоны на польска-беларускай мяжы. Яна пачне дзейнічаць, нагадаем, з чацвярга. Са слоў Семоняка, колькасць людзей, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Польшчу, а таксама іх агрэсія ўзраслі "радыкальна".

"Кожны дзень яны кідаюцца камянямі, галінкамі і страляюць з рагатак", — адзначыў ён. Буферная зона дазволіць забяспечыць бяспеку салдатаў, афіцэраў, памежнікаў і паліцыі. Яна закліканая ўскладніць жыццё кантрабандыстам, якія зарабляюць на перавозцы мігрантаў.

Мяркуецца, што буферная зона будзе расцягнутая ўздоўж мяжы на 60 км. Нагадаем, яе вырашылі аднавіць пасля таго, як польскі салдат атрымаў на мяжы нажавое раненне. Яго ўдарыў мігрант. Пазней малады вайсковец Матэвуш Сітэк памёр у шпіталі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі