Як Пазняк з парламентам спрачаўся: гісторыя Дэкларацыі аб суверэнітэце

Дзень незалежнасці 27 ліпеня / архіўныя здымкі
Дзень незалежнасці 27 ліпеня / архіўныя здымкі

Больш за 30 гадоў таму парламентарыі падняліся са сваіх месцаў і апладзіравалі. Яны віталі прыняцце Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР 27 ліпеня 1990 года.

На першай паласе "Советской Белоруссии" гэтую падзею назвалі такой, якая "ўваходзіць у гісторыю". У гэтага дня былі ўсе шанцы стаць такім: яго абвясцілі Днём Незалежнасці і пастанавілі штогод адзначаць "як дзяржаўнае, агульнанароднае свята Беларусі".

Как Позняк с парламентом спорил: история белорусской Декларации о суверенитете
Як пачыналася падрыхтоўка Дэкларацыі / архіў газеты "Советская Белоруссия"

Еўрарадыё паглядзела, як асвятляліся ў СМІ гэтыя гістарычныя дні пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
 

"Пацвердзіць" або "абвясціць"?

Перш чым парламентарыі прыйшлі да згоды і прынялі дакумент, яны адчайна спрачаліся.

"Такіх гарачых спрэчак, якія разгарнуліся пры абмеркаванні Дэкларацыі ў сценах парламента, бадай што, яшчэ не было", — пісаў карэспандэнт БЕЛТА.

Как Позняк с парламентом спорил: история белорусской Декларации о суверенитете
Выніковы тэкст Дэкларацыі / з архіва газеты "Советская Белоруссия"

Камісія па падрыхтоўцы праекта дакумента засядала восем разоў і нарэшце ўнесла праект Дэкларацыі на разгляд у першым чытанні. Яе прадставіў Мікалай Дземянцей. Менавіта ён раней напісаў у Вярхоўны Савет запіску, у якой матываваў неабходнасць прыняцця гэтага дакумента. Яе асноўныя палажэнні ўвайшлі ў тэкст праекта.

Потым дэпутаты выслухалі канцэпцыю, прапанаваную БНФ "Адраджэнне" — яе выклаў дэпутат Зянон Пазняк. Як пазней успамінаў Станіслаў Шушкевіч, БНФ пачала рыхтаваць праект Дэкларацыі яшчэ вясной.

Вярхоўны Савет азнаёміўся і з трэцім варыянтам праекта, які падпісаў 21 дэпутат.

Станіслаў Шушкевіч тады заўважыў, што прапанаваны камісіяй Вярхоўнага Савета БССР праект увабраў прапановы ад самых розных бакоў — партыі БНФ, дэпутацкага клуба і асобных дэпутатаў. У ім ўвасобіліся важныя і прагрэсіўныя ідэі: бяз'ядзернасць, нейтралітэт, вяршэнства закона.

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка тады прапаноўваў ісці да сваёй дзяржаўнасці спакойна, натуральна і без рыўкоў.

Спрэчкі пачаліся з самага пачатку — з прэамбулы, якая была прапанаваная ў пяці рэдакцыях. Пасля дыскусій іх колькасць скарацілася да дзвюх. Адрозненне зводзілася да аднаго слова: суверэнітэт будзем "пацвярджаць" або "абвяшчаць"?

З аднаго боку, Беларусь ужо была паўнапраўным сябрам ААН, яе суверэнітэт засталося толькі пацвердзіць. З іншага, суверэнітэт быў толькі "дэ-юрэ", нядрэнна б яго нанова абвясціць.

Дэпутат Анатоль Вярцінскі развязаў праблему фармулёвак, прапанаваўшы дадаць перад словамі "дзяржаўны суверэнітэт" яшчэ адно — "поўны". Поўнага дзяржаўнага суверэнітэту ў БССР яшчэ не было. Дэпутатам удалося прыйсці да згоды.

Самыя важныя палажэнні Дэкларацыі

Цяпер ні партыя, ні грамадская арганізацыя, ні асобныя людзі не маглі выступаць ад імя народа Беларускай ССР. Права на гэта атрымліваў толькі Вярхоўны Савет рэспублікі.

Менавіта Дэкларацыяй у краіне ўсталёўвалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў. Зямля, яе нетры, паветраная прастора абвяшчаліся ўласнасцю народа.

Абвяшчалася, што Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай. Рэспубліка мае намер стаць нейтральнай дзяржавай, але мае права на ўласныя ўзброеныя сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, права кантролю над якімі мае Вярхоўны Савет.

Пасля ўсіх спрэчак Дэкларацыя была прынятая. У наступным нумары "Советской Белоруссии" яе тэкст апублікавалі на першай паласе.

"Прыняцце Дэкларацыі менавіта таму і адбылося, што мы ідзём да прававой дзяржавы, маем цвёрды намер яе стварыць. Хай сёння хтосьці крытыкуе гэты дакумент, але давайце прызнаем — Дэкларацыя адпавядае інтарэсам беларускага народа. І я ўдзячны народным дэпутатам БССР за падтрымку асноўных палажэнняў, якія змяшчаліся ў маёй запісцы аб Дэкларацыі", — сказаў старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей на закрыцці першай сесіі парламента 12-га склікання.

 

З чым не пагадзіўся Пазняк?

Але група дэпутатаў, у тым ліку сябраў БНФ, пакінула сесію Вярхоўнага Савета на фінальным этапе абмеркавання. Група дэпутатаў-камуністаў пазней выступіла на старонках "Советской Белоруссии" з заявай. Калі коратка: ім вельмі шкада, што калегі зрабілі менавіта так.

Как Позняк с парламентом спорил: история белорусской Декларации о суверенитете
Заява групы дэпутатаў-камуністаў / архіў газеты "Советская Белоруссия"

"Яны пакінулі залу на фінальным этапе абмеркавання Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларускай ССР, высунуўшы неабгрунтаваныя прэтэнзіі, якія зводзяцца, увогуле, да таго, што народныя дэпутаты рэспублікі нібыта "не выспелі" для прыняцця такога дакумента", — гаворыцца ў заяве камуністаў.

Галоўнае пытанне, па якім не атрымалася прыйсці да згоды, — дэпутаты, сярод якіх быў Зянон Пазняк, адмаўляліся прымаць ідэю магчымасці новай саюзнай дамовы.

А артыкул 11 Дэкларацыі гаворыць, што Беларуская ССР "самастойна ажыццяўляе правы на добраахвотныя саюзы з іншымі дзяржавамі і свабодны выхад з гэтых саюзаў". Да таго ж "Беларуская ССР прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дамовы аб саюзе суверэнных сацыялістычных дзяржаў".

Калі дайшлі да абмеркавання гэтага артыкула, Пазняк і дэпутаты, якія падтрымлівалі яго, пайшлі з залы са словамі пра тое, што гэта "пятля на шыі беларускага народа". Так пісала выданне беларускіх эмігрантаў у ЗША "Беларус".

У інтэрв'ю "ЛіМ" Пазняк сказаў, што "на сённяшні дзень Дэкларацыя — пустая паперка, не больш". Але патэнцыялу гэтага дакумента не адмаўляў і сказаў, што ад грамадства залежыць, якой яна стане.

"Цяпер беларускі народ мае магчымасць змагацца за рэальнае ажыццяўленне суверэнітэту рэспублікі", — дадаў дэпутат у тым самым інтэрв'ю.

Дэпутаты-камуністы хоць і выступілі з асуджэннем дзеянняў дэпутатаў, якія пакінулі галасаванне, але адзначылі іх уклад. У заяве гаварылася, што ўдзел дэпутатаў Партыі БНФ "істотна дапаўняў палітру меркаванняў, узбагачаў падыходы і неаднаразова выкарыстоўваўся для прыняцця кампрамісных рашэнняў".
 

Чаго ж хацеў Пазняк?

На прыняцце Дэкларацыі адрэагавалі і беларускія дыяспары. Газета "Беларус", якая выдаецца ў Нью-Ёрку, на першай паласе напісала, што дакумент "на 95% грунтуецца на ідэях БНФ". Пра гэта заяўляў сам Пазняк. Праўда, адзначаў, што ў партыі гэтыя ідэі выказваліся "яшчэ паўтара года таму".

Как Позняк с парламентом спорил: история белорусской Декларации о суверенитете
Ці задаволены Пазняк Дэкларацыяй? / архіў выдання "Беларус"

У Пазняка было сваё бачанне, як павінна выглядаць Дэкларацыя аб суверэнітэце. Яе апублікавалі ў часопісе "Крыніца", які тады рэдагаваў Уладзімір Някляеў. Дыяспары пазнаёміліся з ёй дзякуючы газеце "Беларус".

У праекце БНФ дэкларавалася, што суверэннасць беларускай дзяржавы бярэ вытокі ў незалежнасці Полацкага княства і ВКЛ. А Трэцяя Устаўная грамата БНР замацавала працэс аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Абвяшчалася, што падпісанне саюзнай дамовы 1922 года не мела юрыдычнай сілы, бо было прынята "пад дыктоўку Масквы ва ўмовах таталітарнага рэжыму і савецкай акупацыі".

"Усё гэта дае права Вярхоўнаму Савету БССР не заключаць новую саюзную дамову і дэнансаваць дамову 1922 года ў аднабаковым парадку", — гаварылася ў тэксце праекта, які БНФ накіраваў у Вярхоўны Савет.

Как Позняк с парламентом спорил: история белорусской Декларации о суверенитете
Праект Дэкларацыі дэпутатаў ад партыі БНФ / архіў выдання "Беларус"

Далей Вярхоўнаму Савету прапаноўвалася "пацвердзіць незалежнасць Беларусі згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 года". Краіну прапаноўвалася назваць — Беларуская Рэспубліка. Сярод іншага прапаноўвалася "прыпыніць у дачыненні да Беларускай Рэспублікі дзеянне саюзнай дамовы 1922 года".

Там таксама канстатавалася, што Беларуская Рэспубліка "апякуецца беларусамі, якія пражываюць па-за яе межамі" і садзейнічае захаванню і развіццю іх рознабаковых сувязяў з радзімай.

Што ж да саюзаў, то Беларуская Рэспубліка гатовая і выказвае добрую волю для ўсебаковага супрацоўніцтва і ўзаемавыгадных пагадненняў "з суседнімі дзяржавамі, з усімі краінамі свету".

 

Праз два гады

Да гадавіны прыняцця Дэкларацыі ў 1992-м "Советская Белоруссия" высвятляла ў старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча, ці прытрымліваецца Беларусь таго, што дэкларавала.

Да гэтага моманту Дэкларацыя ўжо набыла сілу канстытуцыйнага закона. Сто краін прызналі Беларусь — незалежнай, а 50 краін усталявалі з ёй дыпламатычныя адносіны.

— Вы ўспрымаеце гэта як само сабой зразумелае? — спытаў Шушкевіча карэспандэнт "Советской Белоруссии".

Шушкевіч пацвердзіў — менавіта так ён гэта і ўспрымае.

— Беларуская дзяржаўнасць — даўняя. І калі свету гэта было растлумачана на многіх міждзяржаўных форумах, на розных узроўнях <>, то цяпер ужо не пытаюцца, што такое Беларусь і дзе яна знаходзіцца, а ведаюць, што Беларусь — каардынацыйны цэнтр СНД, Мінск — цывілізаваны еўрапейскі горад, куды з вялікім задавальненнем прыязджаюць прадстаўнікі іншых краін.

Аднак галоўнае — што наша ўлада, абраная беларускім народам, не пытаецца дазволу ў нейкай іншай улады, што ёй рабіць у Беларусі, за мяжой, яна сама вырашае ўсе пытанні.

Как Позняк с парламентом спорил: история белорусской Декларации о суверенитете
На нейкі час дата 27 ліпеня стала Днём Незалежнасці / архіў газеты "Советская Белоруссия"

“Чаму гэта так?”

Парламенцкі карэспандэнт "Советской Белоруссии", расказваючы пра тое, як пачыналася абмеркаванне праекта Дэкларацыі, успамінала Янку Купалу. І ўдакладняла: дэпутатам трэба будзе задацца сярод іншых і купалаўскім пытаннем — "Чаму гэта так?". У сваім артыкуле "Незалежнасць" Купала пісаў, што "на ўсялякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую". І вось пытанне ад Купалы: "Чаму гэта так?".

Сярод дэпутатаў 12-га склікання быў іншы народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Калі дэпутаты пачалі абмяркоўваць праект Дэкларацыі, Гілевіч сказаў: рэальнага дзяржаўнага, палітычнага, эканамічнага суверэнітэту няма без суверэнітэту духу, суверэнітэту нацыянальнай самасвядомасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі