У Мінску з'явілася новая вуліца — цяпер мінчукам лёгка заблытацца ў Ждановічах
Вуліца Ждановіча ў Мінску / Эсмасофт
У Мінску з'явілася новая вуліца. І яна напэўна дадасць блытаніны ў жыццё жыхароў сталіцы. І вось чаму.
27 сакавіка вуліцу ў мікрараёне Лошыца назвалі ў гонар Фларыяна Ждановіча — стваральніка беларускага нацыянальнага тэатра. Раней гэта быў безназоўны праезд, які злучаў вуліцы Алеся Дудара і Станіслава Манюшкі.
На вуліцах ужо з'явіліся дарожныя ўказальнікі — і на іх, імаверна, з меркаванняў эканоміі напісалі проста "вул. Ждановіча". Таму цяпер мінчукам давядзецца ўважліва чытаць адрасы, каб не зблытаць гэтую вуліцу з вуліцай Ждановіцкай у Масюкоўшчыне і з раёнам Ждановічы, што месціцца на захадзе горада, адразу за мінскай кальцавой.
Што да самога Фларыяна Ждановіча, дык вуліцу ў яго гонар назвалі цалкам заслужана. У верасні 1920 года пад яго кіраўніцтвам пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны тэатр, дзе ён стаў мастацкім кіраўніком і акцёрам. Сёння гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы.
У 1930-я Ждановіч быў затрыманы і асуджаны да пяці гадоў у лагерах па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Паводле розных крыніцаў, ён быў ці расстраляны НКУСаўцамі ў 1937-м, ці загінуў у акупаваным Мінску ў 1942-м.