Пра расійскую нафту, беларускую калійку і вяртанне “збеглых” — эфір з Лойка
Вольга Лойка / Еўрарадыё
Чатыры спакойныя тыдні без “шарыкаў з беларускімі цыгарэтамі” і без спроб нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі — такія простыя ўмовы для пачатку дыялогу паміж Вільняй і Мінскам агучыў прэзідэнт Літвы Наўседа. І амаль адразу аэрапорт Вільні вымушаны быў прыпыняць прпацу праз “шарыкі”, а цягам чатырох дзён, з 30 сакавіка па 2 красавіка, з Беларусі ў Літву спрабавалі незаконна перабрацца 117 замежнікаў. А гэта ставіць пад сумнеў не толькі хуткае вырашэнне пытання транзіту праз Літву ў порт Клайпеды калію з Беларусі, але і вяртання цягнікоў Мінск — Вільня. Што для рэжыму (размова пра транзіт у дадзеным выпадку) вельмі непрыемна на фоне скарачэння прыбыткаў ад перапрацоўкі расійскай нафты. Якая нечакана перастае быць таннай.
Чаму расійская нафта даражэе, і як гэта звязана з войнамі ў Іране і Украіне? Чым адметная сітуацыя з падаражэннем аўтамабільнага паліва ў Беларусі і ў Польшчы? Куды Лукашэнка працаўладкуе тысячы “збеглых”, якія просяцца назад, калі ўсе працоўныя месцы ўжо занятыя, і навошта Пратасевіч падставіў АНТ, СТБ і БелТА, пакінуўшы іх без ютуб-каналаў? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з рэдактаркай выдання “План Б”, эканамічнай аглядальніцай Вольгай Лойка ў 14:00. Праграма выходзіць раз на два тыдні.