Сёння беларусы адзначаюць Дзень Волі
Акцыя на Дзень Волі ў Мінску, архіўнае фота / lookby.media
25 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Волі — свята, якое дагэтуль застаецца неафіцыйным.
25 сакавіка 1918 года ў Мінску была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Яна абвяшчала незалежнасць Беларусі.
Святкаванне даты 25 сакавіка пачалося яшчэ ў 1920-х, але адбывалася па-за межамі Савецкай Беларусі — яго публічна адзначалі ў Заходняй Беларусі і ў эміграцыі. У Беларусі публічныя святкаванні Дня Волі пачаліся з 1990-х гадоў. У гэты дзень ладзіліся шэсці, мітынгі і канцэрты, нярэдка акцыі заканчваліся брутальным разгонам і хапуном.
У 2018 годзе рэжым дазволіў вялікае святкаванне 100-гадовага юбілею ў Мінску каля Опернага тэатра. Паралельна з гэтым была жорстка разагнаная вулічная акцыя ў раёне плошчы Якуба Коласа. Таксама міліцыянты затрымлівалі людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія выходзілі з акцыі каля Опернага.