Еўрапейскія дыпламаты наведалі Курапаты
Дыпламаты краін ЕС і Вялікабрытаніі ў Курапатах 30 кастрычніка 2026 года / facebook.com/EUinBelarus
30 кастрычніка дыпламаты краін Еўрасаюза і Вялікабрытаніі наведалі ўрочышча Курапаты пад Мінскам. Там яны ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, паведамляецца на фэйсбук-старонцы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
Дыпламаты наведалі мемарыял на месцы, дзе ў 1937-1941 гадах супрацоўнікі НКУС праводзілі масавыя расстрэлы. Яны ўсклалі кветкі.
"Пра масавыя магілы ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам стала вядома ў 1970-80-х гг. дзякуючы сведчанням відавочцаў; былі праведзены раскопкі і археалагічныя даследаванні, адбылося паступовае афіцыйнае прызнанне і ўвекавечанне памяці ахвяр. Паводле некаторых ацэнак, колькасць забітых магла дасягнуць і нават перавысіць сто тысяч чалавек. Археолагам удалося ўстанавіць імёны толькі дваіх. Архівы па-ранейшаму закрытыя. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Курапатах былі ўсталяваныя мемарыяльныя знакі ў памяць пра мноства людзей рознага паходжання, якія сталі ахвярамі дэспатызму і тэрору", — гаворыцца ў допісе ў Фэйсбуку.
Доўгія гады у Курапатах людзі ставілі крыжы, ствараючы народны мемарыял. У 2019-м з ініцыятывы ўлады адбыўся "крыжалом" — частка крыжоў была знішчаная.