Беларусам стала цяжэй, бо Польшча не можа ігнараваць бяспеку — кіраўнік "белай разведкі"
Варшава, ілюстрацыйнае фота / прэс-служба АПК
Польшча выдае беларусам найбольш візаў у ЕС, але не можа ігнараваць пытанні бяспекі. Пра гэта ў гутарцы з Радыё Свабода сказаў дырэктар Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Войцех Каноньчук. Служба, якой ён кіруе з'яўляецца адным з галоўных аналітычных цэнтраў Польшчы, які часам называюць польскай "белай разведкай". Яго аналітыкі збіраюць і аналізуюць інфармацыю з адкрытых крыніцаў пра краіны Усходняй Еўропы і былога СССР.
Каноньчук прызнае, што працэс атрымання візы для беларусаў ускладніўся, аднак Польшча выдае жыхарам нашай краіны больш за 50% ад усіх візаў у ЕС. І гэта пры тым, што большасць консулаў былі высланыя з Беларусі пасля 2020 года. Таксама ён дадае, што менш візаў сталі выдаваць у сувязі з узмацненнем патрабаванняў бяспекі: "Беларусь — гэта дзяржава, якая вельмі шчыльна супрацоўнічае з Расіяй у сферы бяспекі. Таму выдача візы, якая дазваляе ўезд на тэрыторыю Польшчы, — гэта таксама пытанне польскай бяспекі".
Каноньчук звяртае ўвагу, што вялікую частку дыверсій на тэрыторыі Польшчы здзейснілі грамадзяне Беларусі. Вялікія праблемы прынёс і міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.
Разам з тым ён заявіў, што ў беларусаў, якія атрымалі ў Польшчы дазвол на жыхарства, а тым больш палітычны прытулак, не павінна быць праблем у банках ці іншых установах.
Затрымкі з выдачай дазволаў на жыхарства Каноньчук патлумачыў недастатковай колькасцю чыноўнікаў: "Гэта датычыць і ўкраінцаў, і беларусаў, і насамрэч кожнага прадстаўніка ўсякай іншай дзяржавы, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Праблема ў тым, што ў нас усё яшчэ мала такіх цэнтраў і службоўцаў, а колькасць тых, хто хоча атрымаць ад іх дазволы, расце. Звярніце ўвагу, як моцна вырасла беларуская дыяспара ў Польшчы пасля 2020 года. Мы маем справу з найбуйнейшай у гісторыі міграцыяй беларусаў за межы краіны".
На пытанне пра кантакты польскага ўрада з Офісам Святланы Ціханоўскай Каноньчук адказаў так: "Наколькі я разумею, Польшча падтрымлівае адносіны з Ціханоўскай. Больш за тое, мы плацім за ўтрыманне офісу і за яго ахову. Гэта быў адзін з фактараў, адзін, але не галоўны, дзеля якога літоўцы адмовіліся ад гасцявання Святланы Ціханоўскай і яе офісу ў Вільні".
Ён дадаў, што выдаткі Польшчы на падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў 2024 годзе склалі крыху менш за 200 мільёнаў злотых (каля 50 мільёнаў долараў). У гэтую суму ўключаюцца стыпендыі, медыйныя праекты, тэлеканал "Белсат", выданне кніг.
Сустрэчу Сікорскага з лукашэнкаўскім кіраўніком МЗС Рыжанковым у ААН Каноньчук не лічыць пачаткам паўнавартаснага дыялогу: "Няма і не можа быць ніякай "перазагрузкі" паміж Варшавай і рэжымам Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі, лукашэнкаўская Беларусь сістэмна залежная ад Расіі, і мы не маем ніякіх ілюзіяў наконт таго, якое ў яго поле для манеўру. Гэта дзяржава, якая ў сферы бяспекі ды іншых вымярэннях фактычна васалізаваная Расіяй".