Ідэалогія выжывання і прыстасавання — Статкевіч пра зварот групы палітвязняў

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота / Еўрарадыё

Экс-палітвязень Мікалай Статкевіч выступіў з разгромнай крытыкай звароту, які група былых палітзняволеных адрасавала лідарам еўрапейскіх краін.

Нагадаем, аўтары ліста заклікаюць еўрапейскіх палітыкаў і дыпламатаў прыняць больш актыўны ўдзел у вызваленні беларускіх палітвязняў.

Статкевіч называе гэты зварот "палымяным заклікам прыняць больш актыўны ўдзел у гандлі беларускімі палітвязнямі ў якасці пакупнікоў". Ён падкрэслівае, што ніхто не выступае супраць вызвалення невінаватых. Але зварот, на яго думку, выгадны рэжыму Лукашэнкі, які пастаянна папаўняе шэрагі палітзняволеных: "Стаўленне рэжыму таксама зразумелае: чым больш пакупнікоў, тым большая выгада прадаўцу. А з папаўненнем запасаў "тавару" праблем няма".

Таксама Статкевіч крытыкуе абгрунтаванне, якое прыводзяць аўтары звароту:

"Напрыклад, "Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё". Тут ініцыятары звароту замянілі адно слова. Замест "чалавечае" больш сумленна было б напісаць "маё". Такая падмена невідавочная ў вольных развітых краінах, дзе можна пражыць жыццё і ні разу не сутыкнуцца з сітуацыяй, калі прыходзіцца выбіраць паміж сваім жыццём і жыццём іншых людзей".

Ён заяўляе, што аўтары звароту "прапагандуюць самую старую і масавую ідэалогію — ідэалогію выжывання і прыстасавання любым коштам". Паводле Статкевіча, прыхільнікі такой ідэалогіі складаюць апору любога рэпрэсіўнага рэжыму, бо ігнаруюць мараль дзеля ўласнага дабрабыту і самазахавання.

Асобную ўвагу ў звароце ён звяртае на фразу "ніякая палітычная мэта не вартая здароўя і жыцця людзей". На думку Статкевіча, гаворка ідзе пра палітычныя мэты свабоды людзей і незалежнасці краін.

"Абясцэніць пакуты і ахвяры змагароў за свабоду Беларусі, свабоду і незалежнасць Украіны, свабоду ўсіх паняволеных краін свету ва ўсе часы, дыскрэдытаваць гэтыя каштоўнасці, зменшыць колькасць іх прыхільнікаў — вось сапраўдная мэта сапраўдных аўтараў звароту, які абражае мяне асабіста, а таксама вялікую колькасць вельмі годных людзей. Як жывых, так і мёртвых".

Статкевіч падкрэслівае, што аўтары звароту жывуць у вольных краінах, "якія сталі такімі дзякуючы барацьбе за свабоду  сваіх нацыянальных герояў". На яго думку, абясцэньванне ўсіх палітычных мэтаў дыскрэдытуе ідэалы і каштоўнасці, якія дапамаглі дасягнуць свабоды і незалежнасці.

"Яшчэ можна неяк патлумачыць, чаму вы разлічваеце беспакарана гадзіць на магілы змагароў за свабоду сваёй краіны, на магілы загінулых за незалежнасць Украіны. Але калі вы робіце тое ж у адносінах да змагароў за свабоду краін, што далі вам прытулак, то няўжо вам не сорамна ці, дакладней, не страшна? А мо менавіта ваша ідэалогія і падштурхоўвае вас да гэтага?"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.