Вяртанне, у якое не вераць. Піша Маргарыта Ворыхава

 Маргарыта Ворыхава ў студыі Еўрарадыё

 Маргарыта Ворыхава ў студыі Еўрарадыё / Еўрарадыё

"У эміграцыі амаль ніхто не верыць, што грамадзянскія арганізацыі могуць вярнуцца ў Беларусь пры цяперашняй уладзе. Я думаю, што частка з іх вернецца, прычым не таму, што нам гэтага хочацца, а таму, што без іх рэжыму становіцца ўсё цяжэй", — піша дэлегатка Каардынацыйнай рады, былая прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Маргарыта Ворыхава ў сваёй калонцы для Еўрарадыё.

І гаворка не пра праваабаронцаў ці медыя. Дзяржаве не хапае ані рук, ані рэсурсаў для клопату пра людзей у інтэрнатах, пра пажылых, пра цяжкахворых. Такія НКА, на думку аўтаркі, могуць вярнуцца ў краіну — і патрэбныя яны ўсім.

Рэдакцыя публікуе тэкст Ворыхавай без зменаў. Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі. 

***

Пасля 2020 года ў Беларусі знікла прынамсі 2 078 некамерцыйных арганізацый. 1 267 з іх ліквідавалі праз суд або яшчэ ліквідуюць, каля 810 самі спынілі дзейнасць, бо заставацца было небяспечна. Закрывалі праваабарончыя арганізацыі, незалежныя прафсаюзы, экалагічныя арганізацыі, дабрачынныя фонды. Адны былі абвешчаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, іншыя з’ехалі і працягваюць працаваць з-за мяжы.

Возвращение, в которое не верят. Пишет Маргарита Ворихова
Сустрэча былых палітвязняў у Варшаве, 18 верасня 2026

І ўсё ж я не згодная з галоўнай высновай скептыкаў пра тое, што рэжыму няма чаго мяняць. Рэпрэсіі дапамаглі рэжыму справіцца з праблемай 2020 года, але спарадзілі новыя, з якімі не справіцца ні сілавымі метадамі, ні праз зняцце амерыканскіх санкцый.  Любові да грамадзянскай супольнасці ва ўлады не пабольшала, але без яе шмат што абыходзіцца рэжыму даражэй.

Пасля 2020 года з краіны з'ехалі, паводле розных ацэнак, ад 400 да 800 тысяч чалавек, пераважна маладых і з добрай адукацыяй. У краіне відавочна не хапае працоўных рук, вырашаць праблему ўлады спрабуюць мігрантамі.

Знятыя санкцыі не вернуць беларусаў, якія з'ехалі. Людзі вяртаюцца, калі бачаць, што знаёмыя на радзіме спакойна працуюць, нешта арганізуюць і за гэта іх не арыштоўваюць. Арганізацыя, якую зарэгістравалі і праз год не закрылі, для іх больш пераканаўчая за любыя абяцанні камісіі.

Нагадаю, што насельніцтва Беларусі імкліва старэе. І дзяржава самастойна не спраўляецца з доглядам за пажылымі людзьмі. У 2024 годзе зрабілі больш жорсткімі патрабаванні да ліцэнзавання дамоў-інтэрнатаў, недзяржаўныя арганізацыі сышлі з гэтай сферы, месцаў стала прыкладна на траціну менш, і дзяржаўныя ўстановы не змаглі прыняць усіх. Патрабаванні давялося часткова змякчыць, а гэтай восенню ўрад пачаў прыцягваць прыватныя інтэрнаты да выканання дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Пры гэтым Офіс па правах людзей з інваліднасцю ліквідавалі яшчэ ў 2021 годзе, а дырэктара дзіцячага хоспіса ў Гродне завочна асудзілі за тое, што хоспіс працягваў працаваць пасля ліквідацыі. Атрымліваецца, сілавікі закрываюць якраз тыя арганізацыі, без якіх сістэма сацыяльнай абароны не спраўляецца.

Возвращение, в которое не верят. Пишет Маргарита Ворихова
Рэпетыцыя тэатра для дзяцей з аўтызмам, 2017 / Аляксандр Васюковіч, "Імёны"

Паводле закона, замежную бязвыплатную дапамогу можна атрымліваць толькі на мэты з закрытага спісу і толькі пасля рэгістрацыі ў дзяржаўных органах. Калі ў краіне няма арганізацый, якія могуць законна яе прыняць, еўрапейскія грошы на догляд, медыцыну ці экалогію туды проста не трапяць. Новы закон аб замежнай дапамозе павінны ўнесці ў парламент да лютага, і па ім будзе бачна, ці гатовы Мінск да таго, каб такія атрымальнікі ўвогуле з'явіліся.

Да таго ж улады дрэнна ведаюць, чаго хочуць людзі, бо самі забаранілі ім пра гэта гаварыць. Лукашэнка ў чэрвені 2022 года прызнаваў на сустрэчы з мясцовымі чыноўнікамі, што ўлады не заўважылі, якімі ініцыятывамі людзі хочуць займацца, і гэтае месца занялі арганізацыі, якія ён назваў "маргінальнымі". У той жа прамове ён заклікаў ачысціць краіну ад кіраўнікоў "няправільных" НДА. На маю думку, уладам танней дазволіць мясцовым ініцыятывам працаваць пад наглядам, чым сачыць за кожнай з іх.

Урад называе замежныя інвестыцыі пытаннем нацыянальнай бяспекі, але ў 2025 годзе атрымаў каля 1,9 млрд долараў замест запланаваных мінімум 3 млрд, прычым прыкладна 65% новых інвестыцый паступілі з Расіі. Заходнія інвестары не павераць абяцанням. Яны паглядзяць, ці працуюць арганізацыі, зарэгістраваныя год таму, тым больш што праверка КДБ закране і асацыяцыі юрыдычных асоб, у форме якіх існуюць аб'яднанні прадпрымальнікаў. Таму НДА, хутчэй за ўсё, вернуцца раней за бізнес, і па іх бізнес будзе меркаваць, ці варта вяртацца самому.

Гэтыя прабелы рэжым можа закрыць, не адмаўляючыся ад кантролю. Хутчэй за ўсё, вернуцца арганізацыі, якія аказваюць паслугі: тыя, што падтрымліваюць інтэрнаты і хоспісы, дапамагаюць людзям з інваліднасцю, мясцовыя ініцыятывы, зарэгістраваныя пасля праверкі КДБ і тыя, што працуюць па дзяржзаказе. Яны не пагражаюць уладзе, таму яна можа сабе іх дазволіць, а рэпрэсіі супраць астатніх нікуды пры гэтым не знікнуць.

Аргумент пра тое, што інакш уладу не ўтрымаць, слушны ў дачыненні да праваабаронцаў і незалежных медыя, але не ў выпадку з інтэрнатамі.  Расія пасля 2012 года менавіта так і жыла: тых, хто спрачаўся з дзяржавай, запісалі ў "замежныя агенты", а "сацыяльна арыентаваныя" НДА атрымалі гранты. Ва Узбекістане таксама, напрыклад, пасля 2016 года спачатку дазволілі працаваць сацыяльным арганізацыям, а першую за 17 гадоў праваабарончую арганізацыю зарэгістравалі толькі ў 2020-м, з трэцяй спробы.

Возвращение, в которое не верят. Пишет Маргарита Ворихова
Доўгія гады НКА былі падключаныя да дапамогі дзяржаўным інтэрнатам і іх пастаяльцам / Аляксандр Васюковіч, "Імёны"

Улады, падобна, і самі гэта разумеюць. Пасля правалу з інтэрнатамі патрабаванні да ліцэнзавання часткова адкацілі назад, з 2024 года арганізацыям дазволілі атрымліваць ахвяраванні ад беларускіх кампаній на любыя статутныя мэты, законапраект аб валанцёрстве дасталі з шуфляды, а ў сакавіку 235 з 250 памілаваных пакінулі ў Беларусі, хоць раней вызваленых вывозілі з краіны. У той жа час уводзяць праверку КДБ, а таксама з'явіўся ўказ № 304, які з 2027 года абмяжоўвае фондам выдаткі на заробкі і падрадчыкаў.

Кантроль узмацняюць, але адначасова дазваляюць працаваць тым, без каго не абысціся. Гэта не падобна да нейкіх "хацелак".

Гандаль з Вашынгтонам гэтай логікі не адмяняе. Знятыя санкцыі не вяртаюць людзей і не адчыняюць інтэрнаты, а самае патрэбнае Мінску ў Вашынгтоне пакуль не купіць: калій нельга перавозіць праз літоўскія і польскія парты, пакуль дзейнічаюць санкцыі ЕС, а пра іх падаўжэнне ці зняцце ў Бруселі будуць думаць толькі ў лютым.

Еўропе больш выгадна "плаціць за правілы" — гэта значыць патрабаваць таго, што Мінску нескладана даць, а "забраць назад" будзе цяжка: публікаваць судовыя рашэнні і статыстыку па крымінальных справах, прыняць закон аб замежнай дапамозе, паводле якога грошы можна будзе атрымліваць на любую законную статутную мэту, прыняць закон аб валанцёрстве, рэгістраваць сацыяльныя арганізацыі і бізнес-асацыяцыі, праводзіць адкрытыя конкурсы па дзяржаўным сацыяльным заказе і абмежаваць праверкі КДБ, пакуль гэтая норма не ўступіла ў сілу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.