Штаты ціснуць на Літву, каб адкрыць порт Клайпеды для беларускіх угнаенняў — Politico

Угнаенні "Беларуськалія", ілюстрацыйнае фота

Угнаенні "Беларуськалія", ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя Дональда Трампа цісне на Літву, каб яна адкрыла порт Клайпеды для экспарту калійных угнаенняў з Беларусі, не зважаючы на санкцыі ЕС. Пра гэта піша выданне Politico.

Спасылаючыся на словы чатырох еўрапейскіх афіцыйных асоб, выданне паведамляе, што спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл апошнія тыдні цікавіўся ў літоўскіх дыпламатаў магчымасцю змякчыць блакаду беларускіх тавараў.

У адпаведнасці з санкцыямі ЕС праз парты краін Еўрасаюза забаронена перавозіць беларускія тавары. Гэтыя санкцыі штогод падаўжаюцца.

У мінулым месяцы Трамп заявіў, што "працуе над велізарнай здзелкай" з афіцыйным Мінскам. Трамп абяцаў, што закупіць калійныя ўгнаенні ў Беларусі за значна ніжэйшы кошт, чым фермеры цяпер плацяць канадскім кампаніям. Аднак для перавозкі патрабуецца доступ да порта ў Клайпедзе або іншыя партоў рэгіёну.

"Яны ціснуць ветліва, але мы вельмі выразна кажам: "Ні за што, чорт яго бяры", – пракаментаваў журналістам адзін усходнееўрапейскі чыноўнік. — Калі амерыканцы не ўмеюць вучыцца на гісторыі, мы павінны трымацца сваёй пазіцыі".

Два ўсходнееўрапейскія чыноўнікі расказалі выданню, што ціск з боку ЗША на літоўскую ўладу працягваецца ўжо больш за год. Адна з крыніцаў сказала, што Коўл звяртаўся і ў Латвію з гэтай нагоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.