Як "Гродна Азот" абыходзіць санкцыі і прадае ўгнаенні ў Еўропу: расследаванне

"Гродна Азот" / hrodna.life
"Гродна Азот" / hrodna.life

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай "Рабочы рух" і літоўскім расследніцкім цэнтрам Siena пры падтрымцы "КіберПартызан".

"Гродна Азот" абыходзіць еўрапейскія санкцыі, выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі. БРЦ разам з партнёрамі даведаўся пра дзве такія кампаніі. Адна перавозіць угнаенні на фурах, другая — па чыгунцы. На гэтых схемах зарабляюць у тым ліку "кашалькі" Аляксандра Лукашэнкі.

Да наладжвання шэрых паставак непасрэдна датычныя беларускія ўлады: адну з фірмаў-пракладак адкрыў Гродзенскі райвыканкам. У схеме таксама задзейнічаныя кампаніі-прывіды і структуры, якія раней выпампоўвалі грошы з "Беларуськалія".

Сетка кампаній, праз якія да беларускіх уладаў у абыход санкцый ідуць еўрапейскія грошы, пазбаўляе ЕС інструментаў ціску на нашых чыноўнікаў. У выніку Еўрасаюз не можа спрыяць вызваленню палітвязняў Беларусі, у тым ліку былых работнікаў "Гродна Азота".


Засада на мяжы

У ноч з 13 на 14 лютага на літоўскай мяжы неспакойна. Актывісты з арганізацыі "Рабочы рух " зладзілі засаду на беларускія фуры, гружаныя санкцыйнай прадукцыяй. Першая з іх праходзіць літоўскую мытню позняй ноччу, але неўзабаве дарогу ёй перакрываюць актывісты. Разгублены кіроўца паказвае дакументы на груз. З іх вынікае, што ў Еўропу вязуць угнаенні з падсанкцыйнага прадпрыемства "Гродна Азот".

У якасці карэспандэнта акцыю асвятляе кіраўнік Беларускага расследницкага цэнтра" Станіслаў Івашкевіч. Яму ўдаецца пагаварыць з кіроўцам затрыманай фуры, і той пацвярджае: грузіўся на "Гродна Азоце". Прыкладна праз гадзіну актывісты блакуюць яшчэ адну фуру. Яе кіроўца таксама прызнаецца, што вязе ўгнаенні "Гродна Азота".

Как "Гродно-Азот" обходит санкции и продает удобрения в Европу: расследование
Актывісты блакуюць фуры / БРЦ

На мяжу прыбывае літоўская паліцыя, яшчэ праз некаторы час — памежнікі. Яны просяць актывістаў спыніць акцыю і адпусціць фуры, але людзі не сыходзяць. Нарэшце ў гадзіну ночы на мяжу прыбываюць мытнікі, і абедзве затрыманыя фуры разварочваюць на дадатковую праверку. На наступны дзень літоўская мытня пачынае службовую праверку магчымага парушэння міжнародных санкцый.

Раніцай 14 лютага кіраўніцтва "Гродна Азота" збіраецца на нараду. Яна зацягваецца на некалькі гадзін, але журналістам БРЦ усё ж удаецца датэлефанавацца на асабісты нумар гендырэктара завода Ігара Ляшэнкі. Ён адмаўляецца абмяркоўваць затрыманне фур на мяжы і не каментуе дакументы, якія аказаліся ў нашым распараджэнні. Між тым гэтыя паперы праліваюць святло на схемы, з дапамогай якіх "Гродна Азот" абыходзіць санкцыі.


Гродзенская пракладка 

Віктар Русак адпрацаваў на "Гродна Азоце" больш за 30 гадоў. Займаў розныя пасады: ад майстра да начальніка ўпраўлення сацыяльнага развіцця. Паралельна набірала абароты і яго кар'ера чыноўніка. З 2016 па 2019 год ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ўзначаліў выбарчую камісію на ўчастку ў інтэрнаце "Гродна Азота".

У ліпені 2021 года Віктар Русак атрымаў новую пасаду — стаў дырэктарам створанага напярэдадні прадпрыемства "Гриком". Належыць яно Гродзенскаму выканкаму.

Неўзабаве ў пастаўках угнаенняў на захад менавіта "Гриком" заменіць "Гродна Азот", які трапіў пад санкцыі. Але толькі на паперы, высветлілі актывісты "Рабочага руху".

Да іх у рукі трапіў акт загрузкі на адну з фур, якую яны спынілі на літоўскай мяжы. Ён зроблены на бланку "Гродна Азота", і ў ім выразна прапісана, што менавіта на гэтым прадпрыемстве грузавік забраў карбамід. Пячатка на акце — таксама "Гродна Азота".

Ёсць дакумент і на сам карбамід — сертыфікат якасці. У ім вытворцам угнаення пазначаны "Гродна Азот".

Нарэшце, у нашым распараджэнні аказалася копія дамовы, згодна з якой "Гриком" за ўзнагароджанне абавязваецца прадаваць прадукцыю "Гродна Азота". Памер гэтага ўзнагароджання асобна пазначаецца ў спецыфікацыях.

Как "Гродно-Азот" обходит санкции и продает удобрения в Европу: расследование
Дамова на рэалізацыю тавару / БРЦ

Мы таксама знайшлі дамову "Грикома" з сербскай фірмай Wakler. Паводле яе ўмоваў, цягам года "Гриком" абавязваецца паставіць у Сербію карбаміду прыкладна на €20 млн.

Пры гэтым, як нам стала вядома ад саміх перавозчыкаў, аўтамабілі сербскіх заказчыкаў загружаюцца ўгнаеннямі на тэрыторыі "Гродна Азота", а кіроўцы падпісваюцца на яго фірмовых бланках. Адзначым, што Сербія далучылася да санкцый ЕС супраць "Гродна Азота".

Менавіта ў Сербію, для фірмы Wakler, везлі карбамід фуры, спыненыя актывістамі "Рабочага руху" на мяжы. З просьбай пракаментаваць тое, што адбылося, мы звярнуліся да дырэктара і саўладальніка гэтай фірмы Жэлька Эрцэга. Ён заявіў, што не ведае пра гэтую сітуацыю.

Дырэктар "Грикома" Віктар Русак гаварыць з намі па тэлефоне адмовіўся. Аднак крыніцы "Рабочага руху" паведамілі, што з "Гродна Азота" ён атрымлівае на подпіс дакументы, з дапамогай якіх прадпрыемства спрабуе абыходзіць санкцыі. Іх рыхтуюць спецыялісты завода. Яны ж шукаюць кліентаў, вядуць з імі перамовы, а потым прапануюць схему абыходу санкцый праз "Гриком", паведамілі "Рабочаму руху" інсайдары.

Але гэта толькі адна "пракладка" "Гродна Азота" для паставак у Еўропу. Як мы высветлілі разам з літоўскім расследніцкім цэнтрам Siena, галоўныя маршруты шэрага экспарту ўгнаенняў з Беларусі — чыгуначны і марскі.
 

Дубайскі афшор

На беразе Персідскага заліва размясціўся найбуйнейшы гандлёвы і фінансавы цэнтр Блізкага Усходу — Дубай. Эмірат знакаміты сваімі Свабоднымі эканамічнымі зонамі і спрошчаным падаткаабкладаннем, дзякуючы чаму ўваходзіць у топ-3 цэнтраў рээкспарту ў свеце. Менавіта тут, побач з самым вялікім портам Персідскага заліва, знаходзіцца штаб-кватэра дубайскага партовага аператара DP World. Ён уваходзіць у склад холдынгу Dubai World, якім валодае ўрад эмірата Дубай.

У траўні 2016 года з гендырэктарам DP World, султанам Ахмедам бен Сулеймам, сустракаўся Аляксандр Лукашэнка. Тады ён заявіў пра гатоўнасць рэалізоўваць з ААЭ сумесныя лагістычныя праекты. Праз амаль шэсць з паловай гадоў гісторыя гэтага супрацоўніцтва набыла нечаканы паварот.

У кастрычніку 2022 года малавядомая беларуская кампанія "Тэхнаспецтрэйдынг" атрымала ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разавую экспартную ліцэнзію на пастаўкі карбаміду. Пакупнік — эмірацкая фірма DP World Commodities and Logistics FZE, размешчаная па тым самым адрасе, што і цэнтральны офіс DP World. У распараджэнні нашых калегаў з Siena аказаліся дакументы, згодна з якімі "Тэхнаспецтрэйдынг" планаваў паставіць у Эміраты 30 тысяч тон карбаміду коштам €15 млн.

Как "Гродно-Азот" обходит санкции и продает удобрения в Европу: расследование
Ліцэнзія / БРЦ

Дзякуючы наяўным у нас накладным мы дакладна адсачылі шлях гэтых угнаенняў, сустрэўшы на ім неаднаразовых фігурантаў нашых расследаванняў і доказы абыходу санкцый.

Перш за ўсё мы вывучылі сертыфікат якасці, згодна з якім "Тэхнаспецтрэйдынг" пастаўляў у Дубай карбамід. Угнаенне адпавядае стандарту ДАСТ 2081-2010.

Дакладна такі ж прадукт выпускаюць на "Гродна Азоце". Дакладней, толькі там, калі гаворка ідзе пра Беларусь. У гэтым нас запэўнілі дзве незалежныя адна ад адной крыніцы: былы супрацоўнік "Гродна Азота" Юрый Рававы, які ўзначальваў страйкам прадпрыемства, і літоўскі эксперт па ўгнаеннях Армінас Кільдышыс.

Аднак "Тэхнаспецтрэйдынг" пазіцыянуе сябе не толькі як пастаўшчык, але і як вытворца карбаміду. Праекты такой велічыні ў Беларусі анансуюцца за гады да старту работ. Аднак у прэсе такой інфармацыі не было. Затое былі паведамленні, што ўлады ў разгар санкцый збіраюцца павялічыць на "Гродна Азоце" аб'ёмы вытворчасці аміяку, з якога пасля будзе выраблены карбамід. На мадэрнізацыю цэхаў плануюць выдаткаваць $270 млн.

Па каментары мы адправіліся па адрасе "Тэхнаспецтрэйдынгу". Дапускалі, што можам убачыць там развітую вытворчасць, улічваючы наяўнасць у кампаніі міжнародных кантрактаў. Але высветлілася, што яна зарэгістраваная ў прыватным мінскім сектары ў Дражні, а яе офіс — гэта звычайны катэдж.

Как "Гродно-Азот" обходит санкции и продает удобрения в Европу: расследование

Вытворчасці карбамідаў мы ў ім не знайшлі. Затое вынікі даў далейшы пошук сувязяў паміж "Тэхнаспецтрэйдынгам" і "Гродна Азотам".

Так, карбамід, нібыта выраблены на "Тэхнаспецтрэйдынгу", загружаўся ў вагоны на чыгуначнай станцыі "Аульс", размешчанай побач з "Гродна Азотам".

Перасячэнні знайшліся і ў штатах супрацоўнікаў двух прадпрыемстваў. З дапамогай "КіберПартызан" мы даведаліся, што спецыяліст па лагістыцы "Тэхнаспецтрэйдынгу" Сяргей Пілец і інжынер гэтай фірмы Пётр Пасікаў — былыя работнікі "Гродна Азота".

Гэтыя факты пацвярджаюць, што "Тэхнаспецтрэйдынг" — яшчэ адна "пракладка" "Гродна Азота". Не выключана, што яе выкарыстоўваюць для паставак у Еўропу ў абыход санкцый, а эмірацкія пакупнікі — толькі прыкрыццё.

"Наколькі мне вядома, у Эміратаў і суседніх краін дастаткова газу, каб самім займацца экспартам карбаміду. Думаю, гэта [закупка ў Беларусі] было б трохі нелагічна. Наколькі я ведаю, карбамід экспартуецца і выкарыстоўваецца ў краінах, дзе аміячная салетра і вапнава-аміячная салетра не выкарыстоўваюцца. У асноўным гэта Францыя і Германія", — сказаў эксперт па ўгнаеннях Армінас Кільдышыс.

Нашы калегі з Siena звязаліся з уладальнікам "Тэхнаспецтрэйдынгу" Дзмітрыем Гашко, але ён адмовіўся ад каментароў, спаслаўшыся на занятасць.

 

Фірмы-прывіды

З накладной "Тэхнаспецтрэйдынгу" мы даведаліся, што экспедытарам пастаўкі карбамідаў ў Дубай была кампанія "Рузэкспедыцыя".

Яна зарэгістраваная ў асаблівай эканамічнай зоне "Брэміна-Орша" і вызваленая ад часткі падаткаў. Раней фірма належала лагістычнаму аператару "Брэміна груп", якім валодаюць Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў. Усе яны — пад санкцыямі ЕС як "кашалькі" Аляксандра Лукашэнкі. Саму "Рузэкспедыцыю" абмежаванні абышлі: у 2020 годзе яе ўладальнікам стаў Яўген Карахоцін — давераная асоба Зайцава.

Затым у ланцужку пастаўкі карбамідаў нашу ўвагу прыцягнуў імпарцёр грузу ў Літве — фірма Rogera, зарэгістраваная ў Каўнасе.

Наш калега з даследчага цэнтра Siena Шарунас Чарняўскас адправіўся па адрасе рэгістрацыі гэтай кампаніі, аднак убачыў на гэтым месцы гараж. Уладальнік Rogera не выйшаў з намі на сувязь.

Затое нам добра знаёмыя кіраўнікі фірмы Ferteksos Transportas, якая абслугоўвала груз у пастаўцы "Тэхнаспецтрэйдынгу" для Дубая. Гэтая кампанія — частка схемы выкачвання грошай з "Беларуськалія", якую мы раскрылі ў адным з нашых расследаванняў. Галоўны фігурант той гісторыі — тэрмінал БКТ — таксама аказаўся ў ланцужку паставак карбамідаў у ААЭ: менавіта ў гэтым тэрмінале іх перагружалі.

Прадстаўнікі БКТ запэўнілі нас, што любы груз, з якім працуюць у гэтым тэрмінале, правяраюць дзяржаўныя ўстановы Літвы, і кампанія цалкам давярае іх кампетэнцыі. БКТ таксама сцвярджае, што не мае ніякіх сувязяў з кампаніямі "Гродна Азот", "Тэхнаспецтрэйдынгам" і Rogera.

Прыгледзеліся мы і да ўладальніка вагонаў, у якія грузілі карбамід, — беларускай кампаніі "Глобал Фертылайзер Компані", якую заснавала грамадзянка Расіі Дзіяна Ібрагімава.

У тэлефоннай размове яна прызналася, што мае пра сваю фірму вельмі цьмянае ўяўленне, і перанакіравала нас да чалавека, які сапраўды займаецца гэтым бізнесам — нейкай Ірыны Фадзеевай.

Фадзеева — былы супрацоўнік канцэрна "Белнафтахім", у які ўваходзіць "Гродна Азот". З 2001 па 2008 год КДБ выдаваў ёй спецыяльны дазвол на выезд. Неабходнасць такога дакумента можа паказваць на наяўны ў яе доступ да сакрэтнай інфармацыі, звязанай з нацыянальнай бяспекай. У размове з намі Фадзеева расказала, што як юрыст дапамагла "Глобал Фертылайзер" з рэгістрацыяй, але не ведае, чым займаецца гэтая фірма.

Разам з калегамі з расследніцкага цэнтра Siena мы перадалі гэтыя матэрыялы міністру транспарту і камунікацый Літвы Марусу Скуодзісу. Ён абяцае разабрацца з гэтымі пастаўкамі:

"Мяркуючы з прадстаўленай вамі інфармацыі, гэта падобна да нейкай схемы. Таму што адкуль едзе груз і хто яго вытворца — усё вельмі ясна. Найбліжэйшым часам, наколькі я ведаю, ужо рыхтуюцца дакументы. Я буду звяртацца ў дзяржорганы — і пракуратуру, і ў службу па расследаванні фінансавых злачынстваў, каб яны разабраліся [у сітуацыі]".

Каб спыніць нелегальныя пастаўкі, у "Літоўскай чыгунцы" прапануюць распаўсюдзіць санкцыі не толькі на "Гродна Азот" як на вытворцу ўгнаенняў, але і на яго прадукцыю.


Рычагі ціску

"Гродна Азот" трапіў пад санкцыі ЕС у снежні 2021 года за звальненні і запалохванні работнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У сваёй заяве еўрапейскія ўлады адзначылі, што "Гродна Азот" "нясе адказнасць за пераслед грамадзянскай супольнасці".

Как "Гродно-Азот" обходит санкции и продает удобрения в Европу: расследование
"Гродно Азот" / Belarus.by 

Пасля выбараў у жніўні 2020 года супрацоўнікі "Гродна Азота" патрабавалі ад начальства публічна прызнаць фальсіфікацыі выбараў і пагражалі спыніць працу прадпрыемства. Тады міліцыя затрымала 28 актывістаў, але страйкі не спыніліся. Рабочыя далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі 26 кастрычніка 2020 года. Каля прахадной тады сабралася каля сотні чалавек, 32 з іх затрымалі амапаўцы, некаторых, як пісалі СМІ, збілі ў аўтобусах.

Пасля гэтага на актывістаў "Гродна Азота" пачалі ціснуць кіраўніцтва прадпрыемства і следчыя органы: адных работнікаў звальнялі, іншых — затрымлівалі. Сёння за кратамі застаюцца шасцёра былых супрацоўнікаў "Гродна Азота".

Санкцыі супраць прадпрыемства, як спадзяюцца актывісты "Рабочага руху", павінны прымусіць беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць завадчан. Аднак пакуль у "Гродна Азота" будзе атрымлівацца абыходзіць абмежаванні, ціску будзе недастаткова.

"Былыя работнікі "Гродна Азота" лічацца палітвязнямі. Іх пазбаўляюць права перапіскі, да іх ужываюцца розныя пакаранні, іх перыядычна адпраўляюць у карцар, у ШІЗА. Гэта значыць, нечалавечыя ўмовы. І ўсе іх блізкія знаходзяцца пад кантролем. Іх кантралююць, манітораць і такім чынам аказваюць псіхалагічны ціск. У многіх з іх [былых работнікаў "Гродна Азота"] ёсць маленькія дзеці, жонкі, бацькі. Усім ім даводзіцца вельмі несалодка", — сказаў БРЦ прадстаўнік ініцыятывы "Рабочы рух" Аляксандр Сакалоў.

Тым часам кіраўніцтва Беларусі працягвае асуджаць удзельнікаў рабочага руху на вялікія тэрміны. Пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму атрымаў Андрэй Ханевіч, які на прадпрыемстве працаваў апаратчыкам, а падчас пратэстаў узначаліў незалежны прафсаюз. У яго трое дзяцей. Тэрмін ён атрымаў за размову з журналістам "Белсата".

За лайк пад допісам з выявай Лукашэнкі тры з паловай гады калоніі атрымаў былы работнік "Гродна Азота" Эдуард Ісаеў. Дома ў яго засталіся жонка і маленькія дзеці. Яшчэ трое рабочых — Уладзімір Жураўка, Сяргей Шэлест і Андрэй Пагерыла праходзяць па "справе "Рабочага руху". Беларускі суд даў ім ад 14 да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі