Вы тут

Вайцюшкевіч зноў заспяваў Маякоўскага. Нават па-беларуску!

Фота Алекса Жарнасека

Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў новую песню на верш Уладзіміра Маякоўскага — “Паслухайце”. Яна ўвойдзе ў новы альбом музыкі на вершы рускага паэта. Цікава, што песня “Паслухайце” перакладзеная Рыгорам Барадуліным.

“Калі выйшаў мой першы альбом на вершы Маякоўскага ў 2005 годзе, Барадулін спытаў, чаму я не скарыстаў нідзе беларускія пераклады. А я проста неяк не падумаў, што яны ёсць! І вось гэтым разам узгадаў, зрабіў — вельмі такі пранікнёны і светлы тэкст, які хацелася дапоўніць адпаведнай музыкай, — распавядае Вайцюшкевіч.

Пераклад “Паслухайце” быў зроблены Рыгорам Барадуліным яшчэ на пачатку 80-х і выдадзены ў аднайменным зборніку. Акрамя гэтай кампазіцыі, на альбоме “Люблю” будзе яшчэ адна песня на беларускай — “Размова з фінінспектарам аб паэзіі” у перакладзе Віталя Рыжкова.

Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 2 лістапада ў прасторы “ОК16”. На сцэну Вайцюшкевіч гэтым разам выйдзе з Apple Tea, Аляксандрам Шувалавым і іншымі ўдзельнікамі праекта. У першай частцы прагучыць новы альбом, у другой — лепшыя песні з іншых дыскаў Вайцюшкевіча.