Вы тут

Валун на магілу Барадуліна апусцілі верталётам (фота)

16 лістапада ва Ушачах усталявалі помнік на магіле народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Яшчэ тыдзень таму супрацоўнікі авіяцыі МНС з’ездзілі ва Ушачы, каб ацаніць сітуацыю на мясцовасці і абвязаць валун спецыяльнымі стропамі. А сёння ўся аперацыя па ўсталяванні валуна заняла некалькі гадзін: у 12.30 верталёт МНС вылецеў з Мінска, у 14.40 валун ужо стаяў на магіле. Непасрэдна ўсталяванне цягнулася каля 15 хвілін. Грузавік падвёз камень пад могілкі, дзе яго і паднялі верталётам у паветра. Складанасць была ў тым, што могілкі параслі дрэвамі, а над самой магілаю кроны практычна цалкам затуляюць агляд. Іншая складанасць: апускаць валун трэба было з ювелірнай дакладнасцю, бо літаральна за два метры ад яго ўжо стаяць іншыя намагіллі. Таму супрацоўнікі МНС на зямлі дапамагалі па рацыі пілоту як мага больш дакладна апусціць камень на магілу.

Вушацкі валун на магіле Рыгора Барадуліна — апошняя воля самога народнага паэта Беларусі. Прыгадвае біёграф Барадуліна Сяргей Шапран.

Сяргей Шапран: “Яшчэ ў 1995 годзе дзядзька Рыгор напісаў верш, дзе былі такія радкі: “Калі я адыду, пастаўце мне / Сівы валун і крыж на валуне”. Рыхтуючы ў 2011 годзе кнігу гутарак з Барадуліным, я запытаў у яго на дыктафон: ці гэта метафара, ці сапраўды ягонае жаданне? Барадулін адказаў, што сапраўды хоча, каб на магіле быў вушацкі валун і крыж, бо ён не любіць помнікі, помнікі — гэта традыцыя савецкіх часоў”.

Паэта не стала 2 сакавіка 2014 года. Яго, згодна з запаветам, пахавалі побач з мамай ва Ушачах. І калі сёлета прыйшла пара ставіць на магіле помнік, то ў сваякоў сумневу не было: трэба выканаць волю дзядзькі Рыгора.

Валянціна Барадуліна на магіле мужа. Здымак лета 2015 года.

Гаворыць удава паэта Валянціна Барадуліна:

“Былі розныя ідэі, які павінен быць помнік Рыгору. Але для мяне было галоўнае выканаць ягоную волю. Таксама я папрасіла абавязкова захаваць помнік маме. Можа быць, ён і не самы выбітны, але гэты помнік Рыгор абдымаў і цалаваў больш за 40 гадоў — кожны раз, калі прыязджаў ва Ушачы. Таксама і тагачасная агароджа на магіле даволі арыгінальная — з беларускім арнаментам”.

Валун выбралі ў вёсцы Кублічы пад Ушачамі — там, дзе вучыўся Васіль Быкаў. Што таксама сімвалічна, бо Барадулін і Быкаў былі найбліжэйшымі сябрамі.

Скульптар Ігар Засімовіч і дырэктар УКБ Ушацкага раёна Аляксандр Лосеў у вёсцы Кублічы выбіраюць валун на магілу Рыгора Барадуліна.

Архітэктар Вадзім Пракопчык выканаў усе неабходныя чарцяжы, каб стварыць надзейны падмурак пад камень. Апрацаваць валун узяўся скульптар Ігар Засімовіч.

Засімовіч: “Вага валуна каля 2,5 тон, ён цёмнага колеру, што вельмі добра з пункту гледжання разборлівасці літараў. Спераду валуна высечаны крыж Еўфрасінні Полацкай глыбінёй 19 сантыметраў, на ім — лаканічны надпіс “Рыгор Барадулін. Сын. 1935-2014”. Такая ідэя ўзнікла ў блізкіх паэта не выпадкова. На магіле мамы Рыгор Іванавіч напісаў “Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна”. Таму тут з’явіўся лагічны адказ: “Сын Рыгор Барадулін”.

Помнік Рыгору Барадуліну ў працэсе стварэння.
Рыгор Барадулін на магіле мамы. 2005 год.

Абедзьве магілы — мамы і сына — забрукавалі сапраўднымі жорнамі, якія перадавалі людзі з усёй Беларусі. Здаўна жорны клалі на магілу або млынароў, або людзей з неардынарнымі здольнасцямі, творцаў. Тут усё склалася, бо Барадулін — адзін з найвялікшых беларускіх паэтаў за ўсю гісторыю. А ягоны дзед быў млынаром. Грошы на помнік і добраўпарадкаванне магілы збіралі прыхільнікі паэта праз дабрачынны рахунак. Самы нечаканы перавод прыйшоў з Арабскіх Эміратаў, дзе таксама жывуць беларусы. З боку Саюза беларускіх пісьменнікаў каардынаваў усталяванне валуна журналіст Глеб Лабадзенка.

Лабадзенка: “Я хачу падзякаваць двум установам, без якіх гэты валун не стаў бы на магілу дзядзькі Рыгора. Гэта Ушацкі райвыканкам — у асобе старшыні Віктара Родзіча і дырэктара Упраўлення камунальнага будаўніцтва Аляксандра Лосева. Яны каласальна дапамаглі: вылучылі грузавік, пад’ёмны кран для перавозкі валуна, залілі падмурак пад яго, паправілі агароджу. Уявіце толькі: паколькі да магілы нельга падагнаць тэхніку (яна ў самым цэнтры могілак), то 25 чалавек цэлы дзень рукамі насілі на магілу 800 вёдраў цэмента! Другая ўстанова — гэта авіяцыя МНС. Яе кіраўнік палкоўнік Алег Якаўлеў без ваганняў пагадзіўся бескаштоўна дапамагчы ў гэтай справе. А кіраваў справамі на месцы першы намеснік авіяцыі МНС палкоўнік Тадэвуш Курсевіч. Напэўна, усе разумеюць, што гэта не проста валун. Сёння мы выканалі волю аднаго з найвялікшых нашых землякоў”.

Да падобных задач пілоты МНС звыкліся. Апроч надзвычайных сітуацый, ім даводзіцца выконваць і “грамадзянскія заданні”: ставіць крыжы на храмы і збіраць у паветры вышкі сотавай сувязі. А ў 2012 годзе нашыя пілоты на верталёце Мі-26 нават удзельнічалі ў здымках фільма “Крэпкі арэшак 5” з Брусам Уілісам.