Вы тут

Акцыю памяці Паўла Шарамета правядуць беларускія і ўкраінскія журналісты

Павел Шарамет / nv-online.info

Беларускія і ўкраінскія журналісты правядуць акцыю памяці Паўла Шарамета ў Кіеве, паведамляе БАЖ. 

28 лістапада журналісту Паўлу Шарамету споўнілася б 50 гадоў. У гэты дзень журналісты збяруцца на месцы забойства Паўла на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Мэта акцыі — запаліць свечы і ўзгадаць "выдатнага калегу, якім ганарыцца і каго бярэ за прыклад журналісцкая супольнасць дзвюх краінаў", адзначаецца ў паведамленні.

Акцыя не будзе палітычнай. Яна пачнецца 28 лістапада ў 17.00 каля помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве.

Павел Шарамет загінуў у Кіеве 20 ліпеня 2016 года — яго аўтамабіль быў узарваны. У снежні 2019 года міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у прысутнасці прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага заявіў пра раскрыццё справы. Падазраванымі была названая група асобаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.