Вы тут

У Кіеве адбылася акцыя ў памяць пра Паўла Шарамета

Акцыя ў памяць пра Паўла Шарамета /svaboda.org​

Паўла Шарамета напярэдадні ўспаміналі ў Кіеве. Беларускія і ўкраінскія журналісты сабраліся на месцы яго гібелі. Нагода — дзень нараджэння журналіста. 28 лістапада яму споўнілася б 50 гадоў, расказвае "Радыё Свабода".

"Мы не можам сабрацца ў Мінску, правесці вечар памяці, успомніць яго. Але мы тут, на тым месцы, дзе скончыўся жыццёвы шлях Паўла", — сказаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. БАЖ выступіла ініцыятарам акцыі.

Журналісты запалілі свечкі памяці і ўсклалі кветкі ля помніка, які быў усталяваны ў памяць загінулага калегі.

"Павел Шарамет для многіх, асабліва маладых, журналістаў становіцца пэўным сімвалам і прыкладам журналісцкай місіі і служэння прафесіі", — заўважыў кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка. Але цяперашняя сустрэча, паводле яго слоў, важная яшчэ і тым, што гэта добрая магчымасць "выказаць словы падтрымкі яго сям'і, маці і сябрам".

Павел Шарамет загінуў у цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года — у яго аўтамабілі спрацавала выбухоўка. Следства разглядала некалькі версій. Падазраваныя былі затрыманыя ў снежні 2019-га года. Гэта былыя ўдзельнікі аперацыі ў Данбасе Андрэй Антоненка, Юлія Кузьменка і Яна Дугар. Усе трое — толькі выканаўцы. І ўсе трое сваёй віны не прызнаюць.

Журналісты ўсклалі кветкі і запалілі свечкі / svaboda.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.