Экс-агент ФСБ: забойства Паўла Шарамета арганізавалі расійскія спецслужбы

Забойства журналіста Паўла Шарамета ў цэнтры Кіева шэсць гадоў таму арганізавалі расійскія спецслужбы. Пра гэта былы агент ФСБ Расіі Аляксандр Лісянкоў заявіў у інтэрв'ю YouТube-каналу "Гулагу нет".

Сам Лісянкоў пакінуў тэрыторыю Расіі ды папрасіў палітычны прытулак у Еўропе. 

У адказ на пытанне пра датычнасць ФСБ да забойства Шарамета, ён сказаў: "Я не лічу, я ўпэўнены ў гэтым. Таму што сорамна сумнявацца, калі дакладна ведаеш".

Лісянкоў кажа, што Шарамет ніяк не перашкаджаў украінскім уладам і спецслужбам і не меў ва Украіне ворагаў "нават на бытавым узроўні".

"Але для Масквы, для ФСБ гэта быў асабісты вораг, улічваючы, якія перадачы ён здымаў — з Нямцовым ды іншымі. Гэта быў інтэлектуал, які падаваў інфармацыю так, як яна ёсць. Ён мог уплываць на вялікія масы людзей, даносячы ім праўду", — тлумачыць Лісянкоў.

Таксама ён кажа, быццам ФСБ мае дачыненне да ўсіх тэрактаў на тэрыторыі Украіны за апошнія восем гадоў.

Журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет загінуў у цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года. У аўтамабілі, у якім ён ехаў, узарвалася бомба. Сама машына належала ягонай жонцы.

Украінская паліцыя кваліфікавала смерць Шарамета як наўмыснае забойства. Мяркуецца, што прычынай забойства стала прафесійная дзейнасць журналіста.

Заказчыкі злачынства дагэтуль не выяўленыя. Падазраванымі сталі музыка і ветэран Антытэрарыстычнай аперацыі Андрэй Антоненка, парамедык Яна Дугар і кардыяхірург Юлія Кліменка. Аднак разгляд справы "завіс".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.