Вы тут

Пяць гадоў без Паўла Шарамета — як прасоўваецца расследаванне забойства

Павел Шарамет 

Пяць гадоў таму, 20 ліпеня 2016 года, у цэнтры Кіева быў забіты вядомы беларускі журналіст Павел Шарамет.

Пасля канфлікту з Аляксандрам Лукашэнкам і арышту за рэпартаж з мяжы ён перабраўся ў Маскву, а пазней — у Кіеў. Апошнія гады працаваў у Украіне.

У аўтамабілі Шарамета спрацавала выбухоўка. Раніцай ён сеў у машыну, каб ехаць на эфір, пасля чаго адбыўся выбух.

Следства разглядала некалькі версій: забойства як рэакцыя на прафесійную дзейнасць, непрыязныя адносіны, дзеянні расійскіх спецслужбаў. Акрамя таго, следчыя дапускалі, што мэтай замаху быў не Шарамет, а ягоная грамадзянская жонка Алена Прытула. Аўтамабіль, які выбухнуў, належаў ёй.

Аўтамабіль выбухнуў, калі Павал Шарамет сеў у машыну, каб ехаць на эфір / unn.com.ua

Падазраваныя былі затрыманыя толькі ў снежні 2019-га года. Імі сталі былыя ўдзельнікі аперацыі ў Данбасе Андрэй Антоненка, Юлія Кузьменка і Яна Дугар. Па версіі следства, Дугар дапамагала рыхтаваць злачынства, а Антоненка і Кузьменка непасрэдна закладвалі выбухоўку і ажыццявілі выбух. Усе трое — толькі выканаўцы.

Першапачаткова Антоненка і Кузьменка арыштавалі, а Дугар адправілі пад кругласутачны хатні арышт. Але пазней меру стрымання ўсім тром змякчылі. Дугар цяпер і зусім на волі. Яе выпусцілі пад асабістыя абавязацельствы. Усе трое сваёй віны не прызнаюць.

Раней — у траўні 2017 года — сваё расследаванне апублікавалі журналісты. Яны высветлілі, што ў ноч перад трагедыяй за домам Шарамета сачыў чалавек па імені Ігар Усціменка. Як мінімум у 2014 годзе ён яшчэ быў супрацоўнікам СБУ. І ён бачыў людзей, якія закладвалі бомбу пад машыну Шарамета. Але ў СБУ заявілі, што Усціменка больш не мае дачынення да арганізацыі, ён быў звольнены яшчэ ў красавіку 2014 года.

Ігар Усціменка злева / hromadske.ua

У студзені 2021 года ў справе з'явіліся новыя падрабязнасці. Былы супрацоўнік сілавых структур Беларусі Ігар Макар перадаў Кіеву аўдыёзапіс, на якім, як мяркуецца, супрацоўнікі беларускага КДБ абмяркоўвалі ліквідацыю палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Сярод мэтаў гучала і імя Паўла Шарамета.

Дарэчы, праведзеная па замове журналістаў аўдыёэкспертыза пацвердзіла сапраўднасць запісу: адзін з галасоў належыць тагачаснаму кіраўніку КДБ Вадзіму Зайцаву. Стужка датуецца 2012 годам. Тым не менш 19 студзеня 2021 года Макар даў паказанні з гэтай нагоды паліцыі ў Кіеве.

Аднак адказу на пытанне, хто і чаму забіў вядомага журналіста, па-ранейшаму няма. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.