Вы тут

"Усё ляжа на плечы насельніцтва": эксперты аб дырэктыўных крэдытах

Часы, калі ў бюджэце былі "лішнія" грошы, прайшлі / Еўрарадыё

Нядаўна Лукашэнка выказаўся аб падтрымцы рэальнага сектара эканомікі:

— Паветраных грошай даўно ўжо няма і не будзе. Але тым не менш трэба адшукваць магчымасць крэдытавання рэальнага сектара эканомікі перш за ўсё, — заявіў Лукашэнка.

Ці значыць гэта, што беларусам зноў давядзецца "скінуцца" на падтрымку неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў? Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, чаго чакаць ад такой заявы, дзе ўзяць грошай на дырэктыўныя крэдыты (ільготныя крэдыты пад даручальніцтва ўрада) і як яны адбіваюцца на жыцці кожнага беларуса.

Перакласці задачу на банкі

Нацыянальны банк / vminsk.by

На думку старэйшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, заява Лукашэнкі — спроба заахвоціць банкі больш актыўна крэдытаваць прадпрыемствы. Іх фінансавае становішча, асабліва неэфектыўнага дзяржсектара, цяжкае. А бюджэтных сродкаў на падтрымку няма.

— Праблема ў тым, што банкі не могуць сабе гэтага дазволіць. З рублёвай і валютнай ліквіднасцю ёсць пытанні. Таму дырэктыўнае крэдытаванне — адзін з напрамкаў, які можа быць адказам на гэтую сітуацыю.

Эксперт адзначае, што Нацбанк абмежаваў прадастаўленне ліквіднасці банкам, каб грошы не выплюхваліся на валютны рынак. 

— Вядома, гэта ўплывае і на гатоўнасць банкаў крэдытаваць. Логіка Нацбанка, калі я правільна разумею, такая, што ў межах наяўнай ліквіднасці банкі павінны больш актыўна крэдытаваць. Гэта значыць, у выніку праблему хочуць перакласці на банкаўскі сектар. 

На думку эксперта, банкі хацелі б выдаваць крэдыты, але не ў патэнцыйныя страты. А без сур'ёзных паляпшэнняў на дэпазітным рынку яны наўрад ці масава павялічаць крэдытаванне за кошт уласных рэсурсаў.

Як адзначае навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль, калі грошай узяць няма дзе, то іх могуць альбо надрукаваць, альбо павысіць падаткі.

Вытворчасць беларускіх банкнот / belarus.by

Калі друкаваць грошы для ўлівання ў стратныя прадпрыемствы, то вырасце інфляцыя і з'явіцца ціск на курс рубля. 

— Тады магу дапусціць, што будзе падыход сегментавання рынкаў з дапамогай адміністрацыйных абмежаванняў. Гэта значыць, сродкі будуць ісці наўпрост прадпрыемствам, каб абмежаваць магчымасці іх ператоку на валютны рынак.

Але гэта практычна нерэальна. Напрыклад, праз зарплаты людзей яны ўсё роўна будуць перацякаць туды. Гэтыя наступствы усе добра разумеюць, таму ідзе выбар меншага зла, кажа Зміцер Крук.

Калі крэдытаванне неэфектыўных прадпрыемстваў павялічыцца, то з'явяцца сур'ёзныя праблемы з фінансавай устойлівасцю і плацежаздольнасцю дзяржсектара. 

— З іншага боку, гаворка аб неабходнасці больш актыўнага крэдытавання ідзе таму, што фінансавае становішча прадпрыемстваў, у першую чаргу дзяржсектара, праблематычнае. Ад таго, якое зло — фінансавыя рызыкі, звязаныя з дзяржпрадпрыемствамі, або наступствы інфляцыйнага характару і ўплыву на абменны курс — палічаць меншым, будуць залежаць паводзіны ўлад, — дадае эксперт.

Прадукцыя ляжа мёртвым грузам, а беларусы пабяднеюць

Складскія запасы б'юць рэкорды апошніх пяці гадоў / Еўрарадыё

Да бягучага года ў дзяржавы былі дадатковыя сродкі, якія дазвалялі трымаць на плаву неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы з дапамогай ільготных крэдытаў.

— Была добрая кан'юнктура да 2014 года, звышпрыбыткі на пастаўках нафтапрадуктаў. Плюс быў попыт з боку расійскай эканомікі, пакуль не пачалі выцясняць беларускіх вытворцаў са свайго рынку. Яшчэ апошнія пяць-шэсць гадоў быў прафіцыт бюджэту, — кажа Алег Мазоль.

Калі дырэктыўнае крэдытаванне будзе прымяняцца пад неэфектыўныя праекты і далей, то прадукцыя ляжа мёртвым грузам на складах, а беларусы стануць бяднейшымі.

Прычым калі раней можна было казаць аб прыватызацыі і прыцягненні замежных інвестыцый, то зараз гэта малаверагодна.

— Па-першае, любы замежны інвестар, улічваючы нашы краінавыя рызыкі, як мінімум правядзе незалежны аўдыт, перш чым інвеставаць. Па-другое, вельмі складана знайсці інвестараў, якія б пагадзіліся ўкладваць у краіну з-за палітычнага крызісу і стану прадпрыемстваў. 

Калі б раптам ва ўлад з'явілася жаданне прадаць неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы, то спачатку іх давялося б рэструктурызаваць і аптымізаваць, у тым ліку скараціць колькасць работнікаў.

— Праблема яшчэ і ў тым, што звычайна ў іншых краінах прадпрыемства прадаюць, калі яно дасягнула піка кошту, — падкрэслівае Алег Мазоль.

Кошт вызначаецца праз размяшчэнне акцый на біржы. У Беларусі акрамя таго, што няма фондавага рынку, падобную працэдуру нельга правесці са стратнымі дзяржпрадпрыемствамі.

— Таму мы альбо знаходзім інвестараў і прадаём за бесцань, альбо іх ніхто ў прынцыпе не купіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.