Вы тут

Падвышэнне падаткаў не ўратуе бюджэт Беларусі

Праз павелічэнне падаткаў дзірка ў бюджэце будзе расці / Еўрарадыё

Міністэрства фінансаў мяркуе, што па выніках 2020 года рэспубліканскі бюджэт будзе выкананы з дэфіцытам 4,2 мільярда рублёў. Еўрарадыё прааналізавала артыкулы, па якіх бюджэт недабірае, і прыкінула, што будзе з імі ў наступным годзе, на які ўлады абяцаюць падвысіць падаткі.

Няма дывідэндаў — няма інвестыцый

За студзень — верасень 2020 года сабрана значна менш дывідэндаў, чым планавалася. Усяго 519 млн рублёў — 28,5% да плана.

— Гэта паказчык таго, як функцыянуюць прадпрыемствы. Калі па выніках фінансавага года вырашаецца пытанне пра тое, каб не выплачваць дывідэнды альбо выплачваць іх у скарочаным аб'ёме, гэта азначае, што прадпрыемства спрацавала неэфектыўна. Выходзіць, у яго нізкі прыбытак або страты, — расказвае навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль.

Інакш кажучы, ужо сёння прыбытак дзяржпрадпрыемстваў не дазваляе ў поўным аб'ёме сабраць запланаваныя дывідэнды. Не будзем спыняцца на факце, што ў краіне з развітым фондавым рынкам такія навіны прывялі б да зніжэння акцый гэтых кампаній. Больш важна тое, што калі падняць падаткі (як плануецца налета) — дывідэнды яшчэ ўпадуць.

У крызіс падаткі трэба зніжаць

Паводле звестак Мінфіна, паступленні ў бюджэт ад падатку на прыбытак склалі толькі 18,1% ад плана — 298,9 мільёна рублёў. Алег Мазоль тлумачыць гэта скарачэннем варыянтаў паставак прадукцыі за мяжу, паколькі там упаў попыт праз каранавірус.

— Наступствы на наступны год — у нас пачынаецца павелічэнне падаткаў, каб папоўніць бюджэт. Але ва ўмовах крызісу, эканамічнага спаду звычайна не падвышаюць падаткі, а, наадварот, зніжаюць, каб павялічыць эканамічную актыўнасць у краіне. Тады цэны на тавары не будуць расці і кампаніі змогуць іх больш паспяхова прадаваць.

Спроба папоўніць бюджэт за кошт прадпрыемстваў, якія працуюць эфектыўна, хутчэй за ўсё, будзе насіць кароткатэрміновы эфект.

— Паступленні падаткаў у бюджэт дзесьці павялічацца. Але — за кошт прадпрыемстваў і насельніцтва. А потым атрымаецца яшчэ большае зніжэнне паступленняў у бюджэт, бо многія прадпрыемствы павялічаць цэны.

Гэта значыць, што беларускія тавары стане яшчэ складаней прадаць за мяжу, ды і самі беларусы будуць вымушаныя адмаўляцца ад іх. На думку эксперта, гэта тоіць у сабе дэфіцытны бюджэт не толькі на наступны год, але і на найбліжэйшыя некалькі гадоў.

Нафтавыя спрэчкі з Расіяй далі аб сабе знаць

Вывазныя мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія паступілі ў бюджэт, склалі 321,5 мільёна рублёў, або 24,1% да ўдакладненага плана, паведамляе Мінфін.

— Па-першае, гэта праз праблемы, звязаныя з каранавірусам і зніжэннем цаны на нафту і нафтапрадукты. Па-другое, праз рознагалоссі па пастаўках нафты з Расіі. Гэта паўплывала на валютную выручку па экспарце нафты і нафтапрадуктаў, якую мы маем да канца года, — тлумачыць Алег Мазоль.

Зборы па акцызах, ПДВ і каліі пакуль у парадку

Мінфін адзначае, што акцызы, ПДВ і вывазныя мытныя пошліны на калійныя ўгнаенні паступаюць у запланаваных аб'ёмах.

— Акцызы і ПДВ — гэта ўсё, што плаціцца ўнутры краіны. І ў нас няма санкцый на калійныя ўгнаенні, — тлумачыць гэта намесніца дырэктара Даследчага цэнтра ДПМ Ірына Тачыцкая.

Алег Мазоль дадае, што рознічны тавараабарот у Беларусі — нягледзячы на заклікі абмежаваць ужыванне алкаголю, цыгарэт і іншых падакцызных тавараў — пакуль не адчуў сціскання попыту.

— Пакуль насельніцтва, магчыма, мае на руках тое, што яны ашчаджалі раней. Людзі спрабуюць захаваць аб'ём спажывання тавараў. Але трэба ўлічваць, што ўпалі паслугі. Гэта паказчык каранакрызісу, палітычнага крызісу і агульнага эканамічнага стану ў краіне, — заключае Алег Мазоль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.