"Белшына" сутыкнулася з праблемамі на расійскім рынку
"Белшына" / av.by
“Белшына” і іншыя буйныя вытворцы шын (“Кардыянт”, Ikon Tyres і “Кама”) звярнуліся ў Еўразійскую эканамічную камісію з просьбай абараніць расійскі рынак ад росту імпарту, перш за ўсё з Кітая. Гаворка ідзе пра магчымае ўвядзенне пошлін або квот каля 30%, піша “Коммерсантъ”.
Паводле дадзеных рынку, доля легкавых шын з Кітая дасягае прыкладна 75%. Пасля сыходу заходніх брэндаў пастаўкі з КНР выраслі ў некалькі разоў і працягваюць расці.
Вытворцы скардзяцца на дэмпінг: кітайскія шыны таннейшыя за кошт дзяржаўнай падтрымкі і нізкіх лагістычных выдаткаў. У галіне прызнаюць, што магутнасці расійскіх заводаў недазагружаныя, а канкурэнцыя ўзмацняецца.
У ЕЭК пакуль разглядаюць заяўку — рашэнне можа заняць месяцы. У выпадку ўвядзення пошлін рынак чакае росту цэн на імпарт, асабліва ў бюджэтным сегменце.
Пры гэтым вытворцы запэўніваюць, што рэзкага скачка коштаў не будзе, а меры нібыта павінны толькі “выраўнаваць умовы канкурэнцыі”. Эксперты ж папярэджваюць: для часткі пакупнікоў танныя кітайскія шыны могуць падаражэць або знікнуць з рынку зусім.