У Мінску пачнуць судзіць журналіста-палітвязня Генадзя Мажэйку

Генадзь Мажэйка / https://www.facebook.com/bajbelarus/

1 снежня ў Мінску пачнуць судзіць журналіста-палітвязня Генадзя Мажэйку. Яго абвінавачваюць у "распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы" і "абразе Лукашэнкі".

Крымінальную справу разгледзіць Мінскі гарадскі суд. Суддзя — Таццяна Фалькоўская, якая нядаўна прысудзіла 8 гадоў калоніі журналістцы-палітзняволенай Ксеніі Луцкінай.

Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021-га. За тры дні да таго на сайце "Комсомольской правды в Беларуси" з'явіўся артыкул са станоўчай характарыстыкай айцішніка Андрэя Зельцэра, забітага ў Мінску ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ (яе дала аднакласніца загінулага). Пасля гэтага сайт выдання быў заблакаваны ў РБ. Генадзя Мажэйку затрымалі ў Маскве і вывезлі ў Беларусь.

З канца 2021-га палітвязня ўтрымліваюць у СІЗА № 1 Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.