Вы тут

У Мінск прыедзе расійскі прэм'ер Мядзведзеў, пагаворыць пра аплату за газ

У чацвер, 27 кастрычніка, у Мінск прыедзе расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў. Ён паўдзельнічае ў пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, на якім плануецца абмеркаваць праект новага Мытнага кодэксу, а таксама ўхваліць праект бюджэту Еўразійскага эканамічнага саюза на наступны год. Гаворка пойдзе і пра распрацоўку механізму кантроля за перамяшчэннем тавараў па тэрыторыі ЕўрАзЭС, інфармуе РІА "Новости".

Напярэдадні віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч заявіў, што Дзмітрый Мядзведзеў можа абмеркаваць у Мінску і аплату паставак расійскага газу. Высветлілася, што беларускі бок усё яшчэ не заплаціў запазычанасць (281 млн долараў), паколькі на ўзроўні ўрадаў не падпісаны шэраг беларуска-расійскіх пагадненняў.

Як вядома, у Еўразійскі эканамічны саюз уваходзяць пяць краін — Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан і Кыргызстан. Згаданае міжнароднае інтэграцыйнае эканамічнае аб'яднанне дзейнічае з 1 студзеня 2015 года.