Прэзідэнт Сербіі заявіў пра дыверсію на газаправодзе, што вядзе ў Венгрыю

Аляксандр Вучыч

Аляксандр Вучыч

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч сцвярджае, што 5 красавіка сербскае войска выявіла выбуховыя прылады каля газаправоду "Турэцкі паток", што вядзе з яго краіны ў Венгрыю. Праз гэта венгерскі прэм'ер-міністр Віктар Орбан склікаў надзвычайную раду.

Па словах Вучыча, у муніцыпалітэце Каньіжа побач з газаправодам былі знойдзеныя два заплечнікі і два вялікія пакеты выбухоўкі з дэтанатарамі, а таксама "іншыя сляды". Ён нічога не сказаў пра тое, хто стаіць за дыверсіяй — зазначыў толькі, што "ёсць пэўная інфармацыя".

"Відавочна, што геапалітычныя гульні не дадуць нам спакою. Таму мы павінны прадэманстраваць найвышэйшы ўзровень баявой гатовасці. […] Той, хто паспрабуе паставіць пад пагрозу энергетычную інфраструктуру Сербіі, будзе пакараны самым суровым чынам", — дадаў сербскі прэзідэнт.

Міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта намякнуў, што за падрывам трубаправода "Турэцкі паток" можа стаяць Украіна. Ён у сувязі з сённяшняй дыверсіяй ён заявіў, што ўкраінцы "арганізавалі супраць нас [Венгрыі. — Еўрарадыё] нафтавую блакаду".

Энергазабеспячэнне і антыўкраінская прапаганда — краевугольныя камяні праграмы Віктара Орбана на парламенцкіх выбарах якія адбудуцца ў Венгрыі 12-га красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.