У Гомельскай вобласці расце колькасць злачынстваў у сельскай гаспадарцы

У Гомельскай вобласці расце колькасць злачынстваў, звязаных з утойваннем фактаў падзяжу БРЖ / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Гомельскай вобласці прыкметна вырасла колькасць злачынстваў, звязаных з утойваннем падзяжу буйной рагатай жывёлы, паведамляе абласная тэлекампанія. У вобласці зараз ідзе комплексная праверка сельгаспрадпрыемстваў.

"У гэтым годзе супрацоўнікі пракуратуры наведалі практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы вобласці, некаторыя нават двойчы", — распавёў намеснік пракурора вобласці Уладзімір Тарасенка.

У выніку за 9 месяцаў гэтага года былі распачатыя 79 крымінальных спраў па фактах унясення загадзя ілжывых звестак аб рэалізацыі і падзяжы жывёлы. У мінулым годзе такіх спраў было 54. Акрамя таго, пракуратура падала ў суды вобласці 123 іскі аб кампенсацыі шкоды з-за падзяжу жывёлы. Агульная сума іскаў складае больш за 180 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.