Беларусь прыпыніла ўвоз жывёлы і мяса з некаторых рэгіёнаў Расіі і Казахстана
Ілюстрацыйнае фота / LookByMedia
Беларусь з 13 сакавіка 2026 года ўвяла часовыя абмежаванні на імпарт некаторай жывёлагадоўчай прадукцыі з асобных рэгіёнаў Казахстана і Расіі. Такое рашэнне прыняў Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання праз пагаршэнне эпізаатычнай сітуацыі.
Як патлумачылі ў ведамстве, абмежаванні ўводзяцца для прадухілення занясення і распаўсюджвання заразных хвароб жывёл на тэрыторыі краіны.
Забарона распаўсюджваецца на прадукцыю з Усходне-Казахстанскай і Абайскай абласцей Казахстана.
У Беларусь часова нельга ўвозіць:
буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней, дзікіх парнакапытных жывёл, а таксама вярблюдаў і іншых прадстаўнікоў сямейства вярблюдавых;
заапаркавых і цыркавых парнакапытных жывёл;
біяматэрыялы для развядзення — сперму вытворцаў і эмбрыёны буйной і дробнай рагатай жывёлы і свіней;
малако ад буйной і дробнай рагатай жывёлы і малочныя прадукты з яго;
мяса, мясную прадукцыю і іншую сыравіну, атрыманую пры забоі парнакапытных жывёл;
паляўнічыя трафеі;
скураную і футравую сыравіну, воўну, казіны пух і шчацінне;
кармы і кармавыя дабаўкі, што ўтрымліваюць кампаненты жывёльнага паходжання.
Выключэнне зроблена толькі для некаторых відаў гатовых кармоў для хатніх жывёл, калі яны прайшлі тэрмічную апрацоўку.
Акрамя таго, пад абмежаванні трапілі кармы расліннага паходжання (за выключэннем гатовых кармоў для хатніх жывёл), а таксама дажджавыя чэрві і іх коканы, якія выкарыстоўваюцца ў вермікультуры, разам з субстратамі для іх вырошчвання.
Таксама Беларусь абмежавала ўвоз аналагічных тавараў з шэрага рэгіёнаў Расіі. У спіс увайшлі суб’екты Паўночна-Каўказскай федэральнай акругі — Дагестан, Інгушэція, Кабардзіна-Балкарыя, Карачаева-Чаркесія, Паўночная Асеція, Чачня і Стаўрапольскі край.
Абмежаванні распаўсюджваюцца і на іншыя рэгіёны Расіі: Рэспубліку Калмыкія, Астраханскую вобласць, Алтайскі край і Рэспубліку Алтай, Бурацію, Новасібірскую, Омскую, Валгаградскую, Саратаўскую і Самарскую вобласці, а таксама Чалябінскую, Цюменскую, Курганскую і Арэнбургскую вобласці.
У дэпартаменце падкрэсліваюць, што абмежаванні носяць часовы характар.
За Уралам — масавы забой жывёлы
Гэтая забарона супала па часе з масавым знішчэннем жывёлы ў Сібіры. Так, у Новасібірскай вобласці ўжо некалькі тыдняў працягваецца канфлікт паміж фермерамі і ўладамі праз масавае знішчэнне жывёлы.
Рэгіянальныя ўлады тлумачаць забой жывёлы ўспышкамі захворванняў — пастэралёзу і шаленства — і ўводзяць каранцін у асобных вёсках. Аднак фермеры сцвярджаюць, што афіцыйных дакументаў і пацверджаных вынікаў аналізаў ім не паказваюць.
Паводле слоў мясцовых жыхароў, у некаторых выпадках жывёл знішчаюць без папярэдніх лабараторных праверак, і нават у адсутнасць уладальнікаў. Праз гэта ў фермераў узнікаюць падазрэнні, што за барацьбой з хваробамі могуць хавацца іншыя прычыны.