Сельская гаспадарка Беларусі ўкамплектавана кадрамі на 89%
Што прапануе Мінсельгасхарч? / LookByMedia
Згодна са справаздачнасцю Мінсельгасхарча Беларусі на пачатак 2026 года галіне не хапае 5 600 чалавек. Усяго ж цяпер у ёй занята 45 500 кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Такія дадзеныя прыводзяцца ў дакуменце “Аб прафарыентацыйнай рабоце”. Ён ёсць у распараджэнні рэдакцыі Еўрарадыё дзякуючы арганізацыі BELPOL.
Забяспечанасць кадрамі складае 89%. Найлепш справы з работнікамі ідуць у Брэсцкай вобласці — 94,6%. Найгорш — у шматпакутнай Віцебскай, там 84,1%.
Забяспечанасць сельскагаспадарчых арганізацый Беларусі кадрамі ветэрынарнай службы складае 79,5%. Галіне не хапае звыш 1 200 спецыялістаў — гэта галоўныя ветурачы, ветурачы і ветфельчары.
Заатэхнічная служба ўкамплектавана кадрамі на 87,6%. Не хапае больш за адну тысячу спецыялістаў: галоўных заатэхнікаў, заатэхнікаў, брыгадзіраў вытворчых брыгад у жывёлагадоўлі.
Як Мінсельгасхарч збіраецца вырашаць праблему недахопу кадраў
У дакуменце адзначаецца, што асноўнай крыніцай новых кадраў з’яўляюцца ўстановы адукацыі. Але ведамства канстатуе, што “ў апошнія гады назіраецца зніжэнне цікавасці да аграрных прафесій у цэлым і прэстыжнасці сельскагаспадарчых спецыяльнасцей”.
У міністэрстве наракаюць, што “заказчыкамі кадраў штогод не выконваюцца планы накіравання на навучанне па мэтавых дамовах”.
У 2025 годзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прынята 683 чалавекі (55,3% ад плана).
План мэтавага набору выкананы Брэсцкай вобласцю на 65,21%, Гомельскай — на 61,76%, Гродзенскай — на 60,21%, Мінскай — на 58,93%, Магілёўскай — на 48,27%, Віцебскай — на 34,17%.
Адзначаецца, што “замацаванне выпускнікоў аграрных устаноў адукацыі знаходзіцца на нізкім узроўні”.
Пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні засталося працаваць у галіне ў 2025 годзе 53,2% маладых спецыялістаў з вышэйшай аграрнай адукацыяй і 35% — з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.