Вы тут

Суд прызнаў законным звальненне шахцёраў, якія абвясцілі страйк

Шахцёры "Беларуськалію" / Еўрарадыё

Суд Салігорскага раёна прызнаў законным звальненне трох шахцёраў "Беларуськалію", якія ў жніўні-верасні прынялі ўдзел у страйку, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Шахцёрам адмовілі ў аднаўленні на працы.

Суд вырашыў, што страйк на прадпрыемстве прайшоў "з відавочнымі парушэннямі працоўнага заканадаўства", таму звальненне было апраўданым.

Усе тры шахцёры ўваходзяць у Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, які і падаў пазоў у суд у іх інтарэсах. Шахцёры патрабавалі аднавіць іх на працы і выплаціць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу і кампенсацыю маральнай шкоды. 

Паведамляецца, што сваё звальненне аспрэчвалі электраслесар П., электрамеханік Ч. і электрагазазваршчык Ш. другога рудаўпраўлення "Беларуськалію". "Названыя супрацоўнікі прадпрыемства не выйшлі на працу, бо ўдзельнічалі ў забастоўцы па рашэнні стачачнага камітэта. Іншых звестак і дакументаў, якія пацвярджаюць паважлівасць прычын адсутнасці на працы, зыскоўца не прадставіў суду. Як вызначана падчас судовага разбору, забастоўка праведзеная з відавочнымі парушэннямі працоўнага заканадаўства. А вылучаныя гэтымі работнікамі патрабаванні насілі выключна палітычны характар і не былі звязаныя з вырашэннем калектыўнай працоўнай спрэчкі. Ва ўсіх выпадках наймальнік ужыў дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе звальнення дакладна", — паведамляе Генпракуратура.

Рашэнне суда яшчэ не набыло моц і можа быць абскарджаная ў апеляцыйным парадку ў Мінскім абласным судзе.

Рашэнне абласнога суда прадказаць нескладана: яшчэ ў верасні ён прызнаў незаконным жнівеньскі страйк на "Беларуськаліі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.