Вы тут

Смяротнае пакаранне за напад на канвой "хлопцу з бензапілой" не пагражае

Фота: БЕЛТА

У чацвер 12 кастрычніка асуджаны за разню бензапілой у ГЦ "Еўропа" ў Мінску Уладзіслаў Казакевіч напаў з самаробным нажом на супрацоўнікаў калоніі, адзін з іх паранены. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу, а некаторыя СМІ напісалі, што Казакевічу могуць прысудзіць смяротнае пакаранне. На самой справе, не могуць.

Другая частка артыкула 14 Крымінальнага кодэксу Беларусі сапраўды абвяшчае, што "Адказнасць за замах на злачынства надыходзіць па тым жа артыкуле Асаблівай часткі гэтага Кодэкса, што і за закончанае злачынства, са спасылкай на дадзены артыкул".

А забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.

Але ў артыкуле 67 КК "Прызначэнне пакарання за няскончанае злачынства" гаворыцца, што "смяротнае пакаранне за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не прызначаецца".

Так што, прысудзіць да смяротнага пакарання за замах на забойства супрацоўніка калоніі Уладзіслава Казакевіча не могуць. Максімальнае пакаранне за гэта 25 гадоў турмы.