У магілёўскай турме падрабілі подпіс "хлопца з бензапілой"

У магілёўскай турме падрабілі подпіс "хлопца з бензапілой"

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз пацвердзіў, што ў магілёўскай турме пад пастановай аб дысцыплінарным спагнанні стаіць подпіс не Улада Казакевіча, паведамляе mspring.online

Улад Казакевіч больш вядомы як "хлопец з бензапілой". У 2016 годзе ён напаў з бензапілой і сякерай на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра "Новая Еўропа" ў Мінску. Хлопец паспеў забіць адну жанчыну і раніць яшчэ дваіх чалавек.

Суд прызначыў яму 15 гадоў зняволення, бо на момант злачынства Казакевіч быў непаўналетнім. Падчас следства і суда сям'я і незалежныя эксперты-псіхіятры заяўлялі, што хлопец псіхічна хворы і прапаноўвалі адправіць яго на лячэнне ў псіхіятрычную лякарню. 

Ужо ў калоніі Казакевіч напаў на кантралёраў. Пасля гэтага яму павялічылі тэрмін зняволення да 22 гадоў. Пакуль прысуд не набыў моц, хлопца перавялі ў магілёўскую турму №4. Бацькі заяўлялі, што там да яго чапляюцца па надуманых прычынах і даюць дысцыплінарныя спагнанні.

Адно з такіх спагнанняў Казакевічу вынеслі ў ліпені 2018 года. Згодна з дакументам, малады чалавек з 8:50 да 9:00 спаў на падлозе карцара, чым парушыў унутраны распарадак. За гэта яму вынеслі вымову, якую хлопец нібыта падпісаў.

Але Казакевіч з дапамогай адваката абскардзіў вымову ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Ён заявіў, што подпіс пад пастановай падроблены. Эксперт Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Сяргей Быкаў пацвердзіў, што Казакевіч гаварыў праўду: "Выяўлена, што адрозненні агульных і прыватных прыкмет ўстойлівыя, істотныя і дастатковыя для высновы пра тое, што доследны подпіс выкананы не Казакевічам Уладзіславам Валянцінавіч, а іншай асобай".

Хто менавіта падрабіў подпіс, пакуль не вядома. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі