Вы тут

Справу “хлопца з бензапілой” перадалі ў суд, яму пагражае пажыццёвае зняволенне

Уладзіслаў Казакевіч. Фота: БЕЛТА

Справу “хлопца з бензапілой” перадалі ў суд, яму пагражае пажыццёвае зняволенне, інфармуе тэлеканал АНТ. Уладзіслава Казакевіча, асуджанага за напад на людзей у гандлёвым цэнтры ў Мінску, будуць судзіць за напад на кантралёраў у калоніі ў Шклове.

17-гадовы Казакевіч у кастрычніку 2016 года з сякерай і бензапілой напаў на наведнікаў і супрацоўнікаў аднаго з гандлёвых цэнтраў у Мінску. Адна жанчына загінула, яшчэ дзве былі параненыя. У пачатку сакавіка 2017-га Уладзіслаў Казакевіч быў асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 12 кастрычніка мінулага года ён напаў на кантралёраў з самаробным нажом у руках. Адзін з супрацоўнікаў калоніі быў паранены. Следства высветліла, што Казакевіч планаваў забойства начальніка калоніі з мэтай помсты за дысцыплінарныя спагнанні. Новую крымінальную справу распачалі за замах на забойства двух чалавек у сувязі з іх службовай дзейнасцю.