Вы тут

"Слаўкалія ў нас ужо няма": што адбываецца з калійнай будоўляй Гуцарыева

Актыўнасці на Нежынскім ГУКу амаль няма / Еўрарадыё

"Слаўкалій" і падрадчыкі хаваюць становішча спраў на Нежынскім ГУКу, а мясцовыя жыхары расказваюць пра замарозку работ на калійным радовішчы.

Кампанія "Слаўкалій" Міхаіла Гуцарыева распрацоўвае калійнае радовішча пад Любанню на крэдытныя грошы з Кітая. Улетку кітайскі бок спыніў крэдытаванне праз тое, што Гуцарыеў апынуўся пад санкцыямі ЕС і Вялікабрытаніі. З таго часу афіцыйна не паведамляецца, што адбываецца на Нежынскім ГУКу. У прэс-службе "Слаўкалія" адмаўляюцца ад каментароў.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, што ж адбываецца на камбінаце, а заадно даведацца ў мясцовых, як ідзе будоўля.
 

Грандыёзнай будоўлі на Нежынскім ГУКу не відаць

 

З'езд на Нежынскі ГУК / Еўрарадыё

На падыходзе да суседняй з Нежынскім ГУКам вёскі заўважаем даволі незвычайную для беларускай глыбінкі з'яву. Два кітайцы ў сініх рабочых касцюмах, здаецца, зладзілі прабежку проста на трасе, ды яшчэ і па ходзе руху. З імі бягуць два сабакі. Прызнаемся, разгубіліся мы настолькі, што зняць гэтую карціну не паспелі.

Бліжэй да Нежынскага ГУКа на ўзбочынах з'яўляецца заснежаная тэхніка. Яна стаіць без справы. На прахадной нас, вядома, не пускаюць на тэрыторыю аб'екта.

Абстаноўка каля камбіната сумная / Еўрарадыё

Фота- і відэаздымка забароненая, уся інфармацыя ёсць на афіцыйным сайце, — адразае ахова.

Пытаемся, ці хутка скончыцца будоўля.

Спадзяюся, што так, — кажа ахоўнік. На гэтым і разыходзімся.

Вызначыць, ці ёсць дзесьці ўнутры актыўнасць, немагчыма. Заўважаем воддаль толькі групу рабочых з 5-6 чалавек. У астатнім звонку здаецца, што ўвесь велізарны комплекс пустуе.
 

Фінансаванне замарозілі, рабочых разагналі

У Любані пра Нежынскі ГУК кажуць рознае, але адно зразумела дакладна: у будоўлі ёсць праблемы з фінансамі.

Ды не, яго [камбінат. — Еўрарадыё] не закрыюць. Рабочых падсобных прагналі. Там жа санкцыі. Але будуюць. Мы не баімся санкцый, як Лукашэнка сказаў. Мы іншую дарогу адкрыем, — кажа пажылы мужчына.

Любанская крамка сустракае воклічамі пакупніцы:

Прабачце мне, ну не дзесяць тысяч атрымліваць заробак! Гэта ж наогул ніякія грошы.

З яе размовы з прадавачкай разумеем, што гаворка ідзе пра расійскія тысячы, а з працай у Любані напружана. Цікавімся, як так, калі побач "Слаўкалій" будуе камбінат.

Ды ніякага заробку, што вы кажаце? "Слаўкалія" ў нас ужо няма. Замарозілі. Можа, месяц ці два ўжо, — кажа прадавачка.

Выехала палова кітайцаў, кітайцаў тут вельмі шмат. Яны спансуюць, працуюць, але акрамя кітайцаў былі ж і іншыя. Кітайцы наймалі нашых на працу. Працуе "Слаўкалій", але маштабы мізэрныя, — дадае яе калега.

У Любані мужчына ў куртцы "КАЛІЙСПЕЦТРАНС" ні пра які камбінат быццам і не чуў / Еўрарадыё

"Тут кітайская хімія"

У кавярні знаходзім двух гаваркіх хлопцаў.

Праз санкцыі замарозілі будоўлю. На найбліжэйшы гадок дык дакладна. Няма фінансавання. Таму, пакуль у нас трошкі ўлада не зменіцца, у нас будзе замарожаная будоўля, — расказвае адзін з хлопцаў.

Суразмоўнікі кажуць, што кітайскія работнікі ўсё ж ёсць на Нежынскім ГУКу.

Па факце ў іх тут накшталт хіміі кітайскай. Яны сем'ямі сюды з правінцый папрыязджалі, а цяпер проста назад не могуць паехаць. Іх не адправяць, пакуль будоўля не скончыцца, — дапаўняе другі суразмоўнік.

Пытаемся, як жа яны жывуць.

У бараку. Мабыць, заробак плаціцца.

У іх там не баракі, я табе скажу. Нармальныя хаткі. А заробак ім затрымліваюць. Я ў кітайцаў у "бараку" быў. Там басейны, спартзалы.

Ты не ў тых кітайцаў быў проста. Ёсць жа па-рознаму. Ёсць проста рабочыя.

Удакладняем, што стала з беларускімі будаўнікамі з Нежынскага ГУКа.

Ёсць маленькая частка тых, хто працуе. Але ў асноўным там усе субпадрадчыкамі былі. Адпаведна, усе, хто свае аб'екты дарабіў, новыя не атрымаюць і з'язджаюць. Тэхніку пазвозілі адтуль усю. Раней там была проста грандыёзная будоўля. Можа, хтосьці нешта дарабляе, але па факце на апошнія капейкі. Іх адкрыюць зноў, проста пытанне часу.
 

Падрадчыкі шукаюць работнікаў, але нічога не каментуюць

Хоць, па словах мясцовых жыхароў, будоўля на Нежынскім ГУКу замарожаная, у любанскім цэнтры занятасці шукаюць работнікаў будаўнічай галіны з веданнем кітайскай мовы і досведам работы ў кітайскай кампаніі. Таксама ёсць вакансіі для людзей, які ведаюць нямецкую і працавалі з нямецкім абсталяваннем.

Пазіцый больш за 60. Прычым па некаторых трэба па 30 работнікаў. Некаторыя вакансіі датаваныя пачаткам верасня, іншыя — канцом кастрычніка. Усюды прапануюць гнуткі графік. Заробак пры вялікіх патрабаваннях усяго ад 510 да 550 рублёў. Шукаюць самых розных спецыялістаў: ад менеджараў і эканамістаў да муляроў, маляроў і геадэзістаў.

Вакансіі ў Любані / Еўрарадыё

Наймальнікі — кітайская кампанія КАА "CITIC Construction Co., Ltd." і нямецкая REDPATH DEILMANN GmbH. Яны працуюць на Нежынскім ГУКу.

Намеснік кіраўніка прадстаўніцтва КАА "CITIC Construction Co., Ltd." у Беларусі Ігар Прахоцкі на пытанні пра будоўлю пад Любанню кажа:

Баюся, што я не змагу адказаць на вашыя пытанні. Думаю, што ў агляднай будучыні наўрад ці вам хтосьці зможа адказаць.

Кіраўнік аддзела "Праекты на тэрыторыі краін СНД" REDPATH DEILMANN GmbH Дзяніс Іголка адказвае, што не ў курсе спраў на Нежынскім ГУКу.

Я цяпер у Германіі, пра стан будоўлі трэба даведвацца на месцы.

Да мінскага кіраўніцтва датэлефанавацца не ўдалося, затое мы дакладна бачылі машыны з лагатыпам REDPATH DEILMANN GmbH, якія ехалі ў бок Нежынскага ГУКа.

Еўрарадыё накіравала запыты кампаніям з просьбай удакладніць, ці працуюць яны на Нежынскім ГУКу і ці не асцерагаюцца санкцый супраць Міхаіла Гуцарыева і Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.