Што Ліанэлю Месі зрабілі б за ўтойванне падаткаў, калі б ён гуляў за БАТЭ

Што Ліанэлю Месі зрабілі б за ўтойванне падаткаў, калі б ён гуляў за БАТЭ

Зорка "Барселоны" Ліанэль Месі трапіўся на нявыплаце падаткаў. У 2007-2009 гадах аргентынец праз афшорныя кампаніі ў Белізе і ў Уругваі схаваў ад іспанскіх падаткавікоў 4,1 млн еўра. Месі прызнаў віну і выплаціў €4,1 млн. Аднак Вярхоўны суд Іспаніі ўсё ж пакараў яго 21 месяцам турмы і штрафам у €2 млн. Але футбаліст не трапіць за краты. У Іспаніі, калі тэрмін зняволення не перавышае двух гадоў, а злачынства здзейсненае ўпершыню, пакаранне замяняюць на ўмоўнае.

Такім чынам, спроба сысці ад падаткаў каштавала футбольнай зорцы 0 дзён у турме і €2 млн. Яго кар'ера не перарваная, ён працягвае гуляць за "Барселону" і зарабляць грошы на рэкламных кантрактах, падаткі з якіх раней утойваў.

А што было б, калі б Месі "схаваў" €4,1 млн, гуляючы за БАТЭ? "У "Амерыканцы" б сядзеў. Чакаў бы, пакуль яго выкупяць", — каротка адкаментаваў Еўрарадыё адзін з беларускіх адвакатаў. Іншы беларускі адвакат, які спецыялізуецца на падатковым праве, даў больш разгорнуты каментарый — таксама на ўмовах ананімнасці:

"Мяркуючы па сумах, якія інкрымінаваліся Месі, у Беларусі ён мог бы сутыкнуцца з крымінальным пераследам. У такім выпадку яму таксама давялося б кампенсаваць шкоду, нанесеную ўхіленнем ад выплаты падаткаў. З мэтай пазбегнуць суда, ён мог бы пагасіць шкоду і звярнуцца ў Камісію па памілаванні ў Адміністрацыю прэзідэнта. Наконт трайнога памеру не ўпэўнены, таму што практыка цяпер ёсць розная, у тым ліку і ардынарнай, і палутарнай кампенсацыі сум.

Што Ліанэлю Месі зрабілі б за ўтойванне падаткаў, калі б ён гуляў за БАТЭ
Ліанэль Месі разам з бацькам у судзе. Скрыншот з відэа Reuters

Што тычыцца заключэння пад варту — думаю, тут усё залежала б ад меркавання следства, рэзанансу справы і іншых абставінаў. На практыцы, "закрываюць" надоўга далёка не заўжды, проста пра такія выпадкі звычайна не пішуць, у адрозненне ад рэзанансных затрыманняў, бо асобы, якія знаходзяцца на волі, лічаць за лепшае лішні раз не прыцягваць да сябе ўвагу прэсы.

Тое, што рэзанансныя справы заўсёды на адмысловым кантролі і пад пільнай увагай, гэта натуральна для любой краіны. Дарэчы, у Іспаніі вельмі многія незадаволеныя ўмоўным тэрмінам Месі, хаця гэта і распаўсюджаная практыка. Атрымліваецца, чалавек не заплаціў некалькі мільёнаў еўра, але ходзіць на свабодзе толькі таму, што добра пінае мяч. А просты чалавек у Іспаніі можа атрымаць тэрмін за значна менш “глабальны” ўчынак".

Беларускага бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча КДБ таксама абвінавачвае ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Як і ў Ліанэля Месі, памер, паводле беларускага заканадаўства, асабліва буйны: па версіі следства, Кныровіч недаплаціў дзяржаве як мінімум $1,5 млн (€1,33 млн па курсе на 25 траўня). Сума схаваных падаткаў утрая меншая, чым у аргентынскага футбаліста, але не ён, а менавіта Кныровіч ужо больш за чатыры месяцы сядзіць у "Амерыканцы".

У красавіку Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю заявіў пра намер дэкрыміналізаваць асобныя эканамічныя злачынствы. Што праўда, ухілення ад уплаты падаткаў сярод іх няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі