У Беларусі плануюць увесці абавязковае чыпаванне хатніх жывёл

Паводле даных на 1 кастрычніка 2025 года, у краіне адлоўлена 20 025 безнаглядных жывёл

Паводле даных на 1 кастрычніка 2025 года, у краіне адлоўлена 20 025 безнаглядных жывёл / Euroradio

У Беларусі плануюць увесці абавязковае чыпаванне хатніх жывёл. Пры гэтым абмежаванні па колькасці сабак і катоў на прыватных тэрыторыях вырашылі прыбраць з праекта паправак у закон “Аб адказным абыходжанні з жывёламі”. Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падрыхтаваных па даручэнні Савета Міністраў. Дакумент ёсць у распараджэнні рэдакцыі Еўрарадыё, ён атрыманы ад арганізацыі BELPOL.

Паводле даных на 1 кастрычніка 2025 года, у краіне адлоўлена 20 025 безнаглядных жывёл. Цяпер працуюць 55 пунктаў часовага ўтрымання, дзе прадугледжана 1431 месца для размяшчэння адлоўленых сабак і катоў. Пры гэтым большасць такіх жывёл — былыя хатнія гадаванцы або непажаданы прыплод, ад якога пазбавіліся ўладальнікі.

Цяпер згодна з законам “Аб адказным абыходжанні з жывёламі” чыпаванне з’яўляецца правам, а не абавязкам уладальніка. Абавязковай гэтая працэдура з’яўляецца толькі для заводчыкаў і ўладальнікаў гадавальнікаў — яны павінны чыпаваць шчанюкоў і кацянят да іх продажу.

Аднак усе аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам падтрымалі прапанову зрабіць чыпаванне абавязковым для ўсіх жывёл-кампаньёнаў — то-бок хатніх сабак і катоў.

Як адзначаецца ў дакуменце, абавязковае чыпаванне дазволіць хутчэй знаходзіць уладальнікаў згубленых жывёл і вяртаць ім гадаванцаў. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць прыцягваць да адказнасці тых, хто выкідвае жывёл.

Чыпаванне таксама дапаможа стварыць адзіны ўлік хатніх жывёл. Гэта спросціць кантроль за рэгістрацыяй сабак і катоў, іх вакцынацыяй супраць шаленства, выключыць падмену жывёл і палегчыць вырашэнне спрэчак пра тое, каму належыць гадаванец.

В Беларуси планируют ввести обязательное чипирование домашних животных

Асобна разглядалася пытанне аб абмежаванні колькасці жывёл, якіх можна ўтрымліваць на прысядзібных тэрыторыях аднасямейных дамоў, дач і садовых домікаў. У цэлым мясцовыя органы ўлады падтрымалі ўвядзенне такіх абмежаванняў.

Аднак падчас публічнага абмеркавання праекта пастановы грамадзяне выступілі супраць гэтай меры. Усяго паступіла 2476 заўваг і прапаноў. Больш за ўсё абмяркоўвалі менавіта пытанне магчымага абмежавання колькасці сабак і катоў у кватэрах, прыватных дамах і на дачных участках.

Удзельнікі абмеркавання выказаліся супраць устанаўлення жорсткіх лімітаў. Яны прапанавалі ўлічваць санітарныя нормы і плошчу жылля, а не ўводзіць фіксаваную колькасць жывёл.

У дакуменце адзначаецца, што ўвядзенне абмежаванняў можа выклікаць сацыяльную напружанасць. Акрамя таго, гэта можа прывесці да росту колькасці адмоў ад жывёл, асабліва ў невялікіх населеных пунктах, дзе няма прытулкаў.

Што пра абавязковае чыпаванне кажа ветэрынар і валанцёр

Еўрарадыё папрасіла пракаментаваць планаваныя змены ветэрынара і валанцёра, які ў Беларусі дапамагае жывёлам.

— Я лічу, што хатнія жывёлы ў абавязковым парадку, незалежна ад пароды, павінны быць усе чыпаваныя. Толькі пры гэтай умове жывёла можа з’яўляцца ў кватэрах і дамах, улічваючы, што ў нас вялікая колькасць бяздомных жывёл.

Гэтая мера палегчыць пошук уладальніка, калі жывёла ўцякла або згубілася. Калі жывёлу выкінулі на вуліцу, то ўладальніка аштрафуюць.

В Беларуси планируют ввести обязательное чипирование домашних животных

Але ў нас сістэма з абавязковым чыпаваннем будзе працаваць дрэнна. Таму што нават у Мінску няма ніводнага нармальнага дзяржаўнага прытулку, каб жывёлы маглі знаходзіцца там у прымальных умовах. Каб іх потым адтуль уладкоўвалі ў нармальныя, добрыя рукі.

Таму мне мала верыцца, што гэты закон запрацуе так, як трэба. Ведаючы не найлепшы бок нашых людзей, баюся, ім будзе прасцей забіць жывёлу, чым выгнаць яе на вуліцу.

Але калі чыпаванне дапаможа знайсці згубленую жывёлу, каб яе не адправілі ў жахлівы прыёмнік на Гурскага, то ўжо толькі гэта з’яўляецца вялікім плюсам.

Ветэрынар нагадвае, што чыпаванне дапаможа падатковай збіраць больш грошай з тых, хто трымае хатніх жывёл.

— Чыпаваныя гадаванцы павінны быць зарэгістраваны і ўнесены ў базу. Падатковая служба ўбачыць іх і дашле напамін пра падатак. Цяпер жа ўладальнікі жывёл самі рэдка прызнаюцца падатковай, што яны маюць коціка або сабачку.

Колькі каштуе чыпаванне і як гэта зрабіць?

Каб зачыпаваць жывёлу, дастаткова прыйсці ў ветэрынарную клініку, дзе спецыялісты правядуць працэдуру. Чыпаванне каштуе 53 рублі. Калі неабходны міжнародны пашпарт для жывёлы, то гэта будзе каштаваць 61 рубель.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.