Вы тут

Бізнесмену Аляксандру Кныровічу выстаўленае абвінавачанне

Аляксандр Кныровіч. Фота: TUT.by

Бізнесмену Аляксандру Кныровічу выстаўленае абвінавачанне. Следства інкрымінуе кіраўніку групы кампаній "Сармат-СТІ" толькі адзін артыкул з тых, што былі пералічаныя ў паведамленні КДБ пра "супрацьпраўную дзейнасць службовых асобаў у сферы ЖКГ". Пра гэта Еўрарадыё паведаміў афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын:

"Непасрэдна па Кныровічы: яму прад'яўленае абвінавачанне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса", — сказаў Пабяржын.

Паводле версіі следства, Кныровіч ухіляўся ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Прадпрымальніку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Суд можа канфіскаваць у Кныровіча маёмасць, а таксама — пазбавіць яго права займацца пэўнай дзейнасцю.

Асабліва буйным памерам шкоды прызнаецца ўхіленне ад выплаты падаткаў на суму, што ў 2500 і больш разоў перавышае памер базавай велічыні. У выпадку з Аляксандрам Кныровічам гаворка ідзе пра суму не менш як 2,8 млн рублёў.

Абвінавачанні прад'яўленыя і астатнім фігуратнам "Справы "Сармата". Усе яны знаходзяцца пад вартай.

Аляксандр Кныровіч — адзін з самых медыйных беларускіх бізнесменаў. Ён удзельнічаў у тэлешоу, вёў блог і рэгулярна выступаў у СМІ з крытыкай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. 

Затрыманне Кныровіча адбылося 25 студзеня, пасля таго, як бізнесмен вярнуўся ў Мінск з Жэневы. 6 лютага ў 23:00 скончыліся 10 дзён, на якія быў працягнуты тэрмін яго знаходжання пад вартай.

У чым абвінавачваюць фігурантаў "Справы Кныровіча"