Пастаўкі беларускіх кампаній на расійскі ВПК падвоіліся за два гады
МЗКЦ / sb.by
Беларускія вытворцы нарошчваюць пастаўкі для расійскага ваенна-прамысловага комплексу. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Беларускага расследвальніцкага цэнтра, які атрымаў звесткі аб пастаўках 58 беларускіх прадпрыемстваў 41 расійскаму вытворцу ўзбраення.
Ад лютага 2022-га да жніўня 2025-га аб'ём гэтых адгрузак склаў як мінімум 1,2 млрд долараў. Да 2024 года ён павялічыўся ўдвая ў параўнанні з 2022-м.
Прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама Беларусі, паводле БРЦ, забяспечылі большую частку паставак: 11 прадпрыемстваў з лютага 2022-га да жніўня 2025-га паставілі расійскім вытворцам зброі тавараў і камплектуючых на $1,17 млрд.
Адным з самых буйных пастаўшчыкоў расследвальнікі называюць Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ). Напрыклад, ён паставіў 93 шасі коштам больш за $30 млн для АТ "Матавіліхінскія заводы": там выпускаюць "Грады", "Смерчы", "Тарнада" і гаўбіцы "Мста-Б". Яшчэ каля $186 млн МЗКЦ зарабіў на пастаўках іншым расійскім вытворцам зброі.
Сярод вытворцаў оптыкі набуйнейшым пастаўшчыком тавараў у Расію выступае ААТ "Пеленг" — $875 млн. Кампанія вырабляе оптыка-электронную прадукцыю ваеннага і грамадзянскага прызначэння і знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Андрэй Юсаў у каментары БРЦ паведаміў, што прадукцыю "Пеленга" выявілі ва ўзорах захопленага расійскага ўзбраення і тэхнікі: сістэмы кіравання агнём "Каліна" — у танках Т-90М, цеплавізійныя прыцэлы "Сосна-У" — у танках Т-72ба, Т-90С/М, прыцэлы наводчыка камбінаваныя — у БТР-82А.
У ГУР кажуць, што Расія на 85% залежыць ад беларускіх оптыка-электронных сістэм, прыцэлаў і блокаў навядзення, залежнасць ад беларускіх колавых шасі для ракетных комплексаў і цяжкай тэхнікі складае да 90%, транспартна-пускавых і транспартна-зараджальных агрэгатаў — да 80%, электронных кампанентаў і мікрасхем — да 20%, прыбораў, падшыпнікаў, дысплеяў і іншай камплектуючай прадукцыі падвойнага або ваеннага прызначэння — да 60%.
"Асобныя беларускія кампаненты можна замяніць кітайскімі аналагамі. Аднак гэта запатрабуе дадатковых выдаткаў і часу на выпрабаванні і адаптацыю, унясенне змяненняў у канструктарскую дакументацыю, а таксама навучанне расійскіх вайскоўцам правілам эксплуатацыі і абслугоўвання новай тэхнікі", — адзначаюць у ГУР.
У БРЦ кажуць, што 29 з 58 вывучаных беларускіх пастаўшчыкоў тавараў і камплектуючых расійскім вытворцам узбраенняў не трапілі пад заходнія санкцыі.
Дарэчы, Расія ў абмен пастаўляе беларускім вытворцам заходнія падсанкцыйныя тавары. Паводле звестак БРЦ, ад красавіка 2022 года па ліпень 2025-га беларускія пастаўшчыкі з вывучанага спісу атрымалі такіх тавараў прыкладна на $800 тыс.
Больш за ўсё сярод іх было нямецкай прадукцыі — на $254 тыс. Гэта пераважна апаратура для вымярэння і кантролю электрычных велічынь, а таксама прыборы для фізічнага і хімічнага аналізу. Ёсць таксама швейцарскія рухавікі і генератары, брытанскія інтэгральныя схемы і вылічальныя машыны, італьянскія рухавікі.
Найбуйнейшымі расейскімі пастаўшчыкамі санкцыйных тавараў у Беларусь былі ТАА "Инелсо", ТАА "Тэрма-рашэнні", ТАА "Грын-чып", ТАА "Прамтэхпастаўка" і ТАА "БЛМ Сінержы". У некаторых выпадках санкцыйная прадукцыя трапляла да іх з краін Азіі.